Вялікдзень
Мэты і задачы: пазнаёміць вучняў з традыцыямі беларускага народа, яго культурнай спадчынай; звярнуць увагу школьнікаў на багацце беларускага фальклору; пазнаёміць са святам Вялікдзень і асаблівасцямі яго святкавання ў нашай мясцовасці; далучыць вучняў да святкавання Вялікдзеня; паказаць, у якія гульні гулялі і якія песні спявалі нашы прашчуры на Беларусі; выхоўваць павагу, цікавасць да народных свят, любоў да роднага кутка.
Узрост: 10 – 11 класы.
Месця правядзення: актавая зала школы.
Абсталяванне: пасярэдзіне залы стол, засланы саматканым абрусам. На стале – квас, яйкі, соль, каўбасы, вяндліна, хрэн, пірог.
Сцэнарый
Зала прыбрана па- святочнаму
Дзеючыя асобы:
Першы і другі вядучыя. Гаспадар Тарас. Гаспадыня Ганна Пятроўна. Дзеці: Параска, Ганначка, Аленка. Суседка Лявоніха. Хросная.
Валачобнікі: пачынальнік (1-ы), галоўны (2-гі), 3-ці, 4-ты. Госці: 1-шы, 2-гі.
Першы вядучы. Добры дзень, паважаныя госці! Ці дазволіце, добрыя людзі, велікодныя вячоркі пачаці?
Другі вядучы. Красна сонца, ясен свет. I з месяцамі яснымі, і з зоркамі частымі, і з вясеннім святлом, і з летнім агнём, і з велікодным днём віншуем вас.
Першы вядучы. Благаславі, Божа, велікодныя песні пеці на ціхае лета, на буйнае жыта, каб наша жыта у трубы павілося, у трубы павілося, набок нахілілася. На полі снапамі, у гумне скірдамі, на таку ўмалотна, у адрыне прысняна, а ў млыне прымольна, а ў дзяжы падходна, а ў печы пячыста, а на стале духмяна.
Другі вядучы (расказвае пра свята): Вялікдзень (Вялікадзень, Вялічка, Пасха) вялікае гадавое веснавое свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Пазней касцёл замацаваў у сваім "рухомым" календары. Свята пачыналася "ўсяночнай". 3 чырвонай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, у касцёле свянцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса.
Першы вядучы (працягвае): Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля. Дзяўчаты скакалі цераз сані: "Каторая, пераскокваючы, упадзе, тая застаецца старою дзеўкаю векаваць. А ў нашым рэгіёне "вадзілі стралу". Асвянчанае яйка, прыйшоўшы з касцёла, апускалі ў ваду, каб потым памыцца і быць увесь год румяным. Катэгарычна забаранялася на Вялікдзень біцца, бо за бойку страшылі градабоем на вёску. У многіх кутках беларускага краю па вёсках хадзілі спевакі з велічальнымі песнямі — валачобнікі. Яны жадалі гаспадарам і дзецям здароўя, шчасця, добрага ўраджаю, плоднасці жывёле.
У хаце гаспадар, гаспадыня, дзеці: Юля, Люся, Аленка.
Другі вядучы. Запрашаем вас у хату да гаспадара Антося і яго гаспадыні Зосі.
Гаспадыня. Антось, давай рыхтавацца да святочнага снядання. Трэба ж і нам мяса паесці пасля вялікага посту. Схадзі ў скляпок, прынясі кваску, медавухі захваці, а то госці прыйдуць, дык трэба ж асобна пачаставаць. Сёння ж такі дзень! А я буду стравы на стол збіраць.
(Уваходзіць суседка. У кошыку ў яе пасвенчаныя яйкі, соль, каўбасы).
Суседка. Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус.
Гаспадары. Навекі, навекі.
Суседка. Са святам вас, з Вялікдзенем.
Гаспадары. Дзякуем! І цябе, Ганна, са святам.
Суседка. Суседачка, а я ў касцёле пасху свянціла. Вам пасвенчанага прынесла. Народу шмат было, моладзі багата.
Гаспадыня (гаспадару) А ты мяне не пусціў, Антось.
Гаспадар. Дык во Ганна пасвенчанае прынесла!
Суседка (працягвае). Вельмі прыстойна сябе маладыя паводзілі. Пасля пасвенчання хуценька ўсе паразыходзіліся з касцёлу. Ведаеце, суседзі, народныя павер’і: хто першы прыбяжыць з пасхаю дамоў, у таго будзе лепшы ўраджай, і той гаспадар першы скончыць палявыя работы.
Гаспадыня. Казалі яшчэ: хлеб будзе расці так хутка, як бяжыць гаспадар ці гаспадыня; хто перагоніць іншых, у таго конь будзе моцны цэлы год і будзе ў рабоце пераганяць іншых.
Суседка. Ішоўшы з касцёла, назіралі за сонцам: сёння яно асабліва прыкметна “іграла”. Гэта прадказвае добрае лета, багаты ўраджай, шчаслівыя вяселлі.
Гаспадыня. Сёння сапраўды прыгожае сонца. Дай жа, Бог, каб добры быў год. Дзякуй, Ганна, табе за пасвенчанае. Сядай разам з намі. Тваё пасвенчанае, а наша – усё астатняе. Кума павінна прыйсці. Яна кожны год першай хрэсніцам гасцінцы прыносіць.
Стук у дзверы. Прыходзіць хросная.
Хросная. Дзень добры, кумочкі. Са святам вас, з вялікім днём.
Гаспадыня. Антось, кліч дзяцей, хросная прыйшла!
Антось. Юля, Люся, аленка, хадзіце сюды, хросную сваю вітайце!
Кума. Я сваім хроснікам гасцінчык прынесла. Бо ведаеце, кажуць, што велікоднае яйка, атрыманае ад каго-небудзь першым, не псуецца цэлы год і мае велізарную сілу. Кума, давай умыем дзяцей вадой, у якую пакладзены залатыя і сярэбраныя рэчы, а таксама чырвонае яйка. Гэтым яйкам трэба пагладзіць тварыкі вашы, каб вы былі заўсёды румяныя і чырвонашчокія, здаровыя ды жвавенькія (гладзіць яйкам твары, прыгаворвае:”Як гэта яйка румянае ды круглае, няхай нашы дзеткі будуць румяныя ды крутыя, здаровыя ды жвавенькія”). Вось вам гасцінчыкі.
Гаспадыня. Дзеткі, падзякуйце хросную. Сядайце за стол, будзем снедаць (садзяцца за стол). Антось, налівай Ганне і куме медавухі, але спачатку трэба пасвенчанага адведаць. Паспрабуйце яйка са свенчанай солькай.
Размова за сталом.
Суседка. Скарынкі ад яйкаў не выкідвайце: пасушыце, патаўчыце і ў гарэлку пакладзіце – гэта ўсцеражэ ад уздзеяння нечысці.
Кума. А косці ад мясных святочных страў закапайце на полі, гэта павінна абараніць ніву ад граду, забяспечыць лепшы ўраджай.
Гаспадыня. Вось, бачыце, дзеткі, колькі велікодных прыкмет: запомніце і ў жыцці прымяняйце.
Кума. Што, хроснікі, наснедаліся? Хадзіце, я вас пагушкаю на арэлях. Хто будзе вышэй на арэлях падлятаць, той і расці хутчэй будзе. (Выходзіць з дзецьмі).
Суседка. Абрус, на якім стаялі велікодныя стравы, захоўвай, Зося, нямытым цэлы год: ён ахоўвае ад граду. Пры з’яўленні хмар рассцялі яго на двары і ніякага перуна не бойся.
Дзеці (прыбягаюць). Татка, мама, да нас валачобнікі ідуць!
З’яўляюцца валачобнікі, спяваюць, граюць, падыходзяць да двара гаспадара.
Пачынальнік.
Ой, барамі сасновымі,
Ой, палямі жытнёвымі,
Галоўны валачобнік.
Ідуць, гудуць валачобнікі,
Гукаючы, спяваючы.
Валачобнікі валачыліся,
Валачыліся, намачыліся,
А за чый жа двор зачапіліся?
3-ці валачобнік.
Дык гэта ж двор слаўнага пана,
Слаўнага пана, пана Івана.
Гучыць песня.
Ідуць, ідуць валачобнікі,
Спяваючы ды гукаючы,
Іванавай хаты шукаючы.
Вясна, вясна ды вясёлая,
Развясяліла ты горачкі,
Ды парубкі ды збіраліся,
Збіраліся ды змаўляліся,
На мёд, на гарэлку спраўляліся.
4-ты валачобнік. Ці спім, ці адпачывасм, пане Іване?
Г аспадар (вы.ходзіць з хаты). Даражэнькія, вы трапілі да Антося. Я – Антось, а не Іван.
Валачобнікі. Прабач, пан Антось, што мы трохі зблыталі. Мы прыйшлі павіншаваць з Вялікаднем.
Гаспадар вітае валачобнікаў, запрашае ў хату.
Гаспадар. Заходзьце, добрыя людзі! Якія навіны прынеслі?
2-гі валачобнік. А мы — валачобнікі, не дакучнікі.
3-ці валачобнік. Не часта ходзім, не дакучаем.
4-ты валачобпік. У гэты гарадочак адзін разочак.
Усе разам. Частуй нас, гаспадар, за тое, што прыйшлі і велікодныя віншаванні прынеслі.
Валачобнікі (да гаспадара).
Прывітанне ў хату вам, дзядзька Антось,
Не шкадуй гарэлкі нам і каўбас,
Памагай, Божа, прыспарай, Божа!
Хрыстос васкрэс, ва ісціну васкрзс, сын божы.
Дай табе, Божа, пане гаспадару,
Дачок гадаваці, дамы будаваці,
Лічыць тысячамі, даваць мільёнамі.
Твае добрыя дзеткі, як у садзе кветкі,
Твая ніва дужа ўрадліва.
Дай жа, Божа, пану гаспадару
Жыці-быці, жыта вазіці,
Жыта вазіці, у гумны злажыці.
У гумнах укладна, на таку ўмалотна,
У дзяжы падыходна, у печы румяна,
А на стале сытна і ў сям’і мірна.
Не кажы браніць, а кажы дарыць:
Каўбасы на тарэлку, будзем піць гарэлку.
Хрыстос васкрэс, ва ісціну васкрэс, сын Божы.
Валачобнік (да гаспадыні).
Мілейшай дружачцы гаспадара,
Ганначцы Пятроўначцы жадаем дабра,
Памагай, Божа, прыспарай, Божа,
Хрыстос васкрэс, ва ісціну васкрэс, сын Божы.
Ганначка Пятроўначка,
Не кажы так ісці, кажы падарыць,
Валачобнікі — не дакучнікі,
Раз у год ходзяць, Бога просяць..
Пачынальніку спяўцу — па чырвонаму яйцу.
Гаспадар. Просім, просім за сталы. Дзякуй за віншаванні, пажаданні. Праходзьце ў хату, сядайце за сталы. Адведайце стравы цукровыя, піццё мядовае. У нас сёння вам і падарункі ёсць, і пачастункі, дзякуй Богу.
Гаспадары частуюць еалачобнікаў гарэлкай, квасам, велікоднай ежай, потым спяваюць песні, ладзяць скокі, гульні.
Валачобнікі. Гаспадароў павіншавалі, добрыя ім словы сказалі, можа і песню праспяваем?
Жыта ў полі, жыта ў полі, жыта засявалі,
А ў нашым сяле Вялікдзень гулялі.
А можа гаспадароў пацешым гульнёй "Селязня вадзіць" (Сярод удзельнікаў выбіраецца "селязень", астатнія становяцца вакол яго, утвараючы круг, прамаўляюць: "Селязенька касаты, маладзец кудраты, пакажы селязенька, як гаспадар скача", "Селязень" скача пад музыку, а дзеці паўтараюць усе яго рухі).
Для гаспадара і гаспадыні ёсць яшчэ адна песня: "Купі ты мне, мілы, капялюш..."
Валачобнікі (на развітанне).
Што ж , канчаем песню, бо канчаць пара,
Добрым гаспадарам выгукнем: "Ура",
Жывіце на свеце сорак тысяч дзён,
Калі мы не любы, ганіце нас вон.
Бывайце здаровы і ў шчасці жывіце,
А прыйдзем мы ў госці, дык шчыра прыміце.
Валачобнікі (выходзяць). Дзякуем вам за хлеб-соль, але пойдзем мы далей. Трэба да Рыгора, да Івана, Станіслава завітаць, іх павіншаваць.
Суседка (выходзіць). Ды і я пайду. Дзякую за пачастункі, за цікавую бяседу.
Гаспадар. Мо абразіў я каго, дык перапрашаю,
Крыўды сам ні на каго я, сябры, не маю.
Бывайце здаровы і не забывайце:
Я вам гаспадар, вы мяне ўспамінайце.