Кош
У кош напіхваецца скошаная канюшына, ссыпаецца накапаная бульба, назбірваюцца стрэсеныя антонаўкі і каштэлі.
Кош дзіравы – для вады, для паветра і для пяску, але для ўсяго іншага цэлы, і гэтым сваім сумешчаным кшталтам каштоўны.
Кош сухарэбры, кашчавы, таму яго лёгка бяруць за каршэнь і нясуць у поле, у сад, у кашару, а то яшчэ далей – у Кушляны ці Мікашэвічы.
У кашы копшаецца квахтуха. Ля каша ляжыць, нібы кошычак, кошка.
Лапці
Лапці заўсёды цанілі ў народзе.
Лапці патрэбны і ў хлеве, і клеці, у хаце. Рабілі іх са скуры і з сарамяці. Яшчэ выраблялі з лазовага лыку, з ліпы (лыка рабілі з прыгожанькай ліпы) – розныя лапці рабілі ў народзе.
Лапці заўсёды ў розных краінах цікавыя сваёй разнастайнасцю. Лапці цікаўныя, падарожнічаюць і цікуюць.
Добрыя лапці рабілі ў народзе, але нашы сучасныя боты лепш за любыя плеценыя лапці.
Лямпа
Лямпа асвятляе наш жыццёвы шлях здаўна. Здаўна стаіць яна ў хаце і дапамагае нам у працы. Асвятляе хлеў і хату.
Лямпа мае капялюш вялікі і пляскаты.
Лямпа закручваецца і адкручваецца.
Святло лямпы бярэцца ад газы, яго можна зрабіць меншым або большым.