История галстука Нины Ильиничны Хомко
“Я, Хомко Нина, юный пионер СССР, перед лицом своих товарищей торжественно обещаю, что:
1) Буду твёрдо стоять за дело рабочего класса в его борьбе за освобождение рабочих и крестьян всего мира.
2) Буду честно и неуклонно выполнять законы и обычаи юных пионеров.”
Гэту клятву на ўрачыстай лінейцы ў далёкім 1939 –м годзе чытала былая настаўніца нашай школы Зайцава Ніна Ільінічна. А менавіта гэты гальштук, які я зараз трымаю ў руках, завязвалі ў той дзень ёй на шыю. На першы погляд – звычайны кавалак чырвонай тканіны, але на самай справе –гэта часцінка сцяга беларускага народа, гераічны лёс жанчыны, якая сапраўды з’яўляецца ГОНАРАМ нашай вёскі.
Нарадзілася Ніна Ільінічна 1 ліпеня 1929 года ў вёсцы Дубляны Мастоўскага раёна. Сям’я была вялікая – сямёра дзяцей. Увесь час прыходзілася працаваць, дапамагаць па гаспадарцы. “Маё дзяцінства,- успамінае Ніна Ільінічна,- прайшло ў старожцы. Жылі мы небагата, але мама пастаянна знаходзіла прадукты, каб прыгатаваць што-небудзь смачнае. Я часта даглядала сваіх малодшых сясцёр і братоў, вучылася, як весці хатнюю гаспадарку”.
У 1935 годзе Ніна пайшла ў першы клас Гудзевіцкай школы. Прадметы выкладаліся толькі на польскай мове. Класы былі вялікія, па 30-40 чалавек. Кожны дзень у школе пачынаўся з малітвы ў спартыўнай зале, затым 4-5 урокаў.
Асаблівым днём для Ніны і яшчэ шасцярых дзяцей стаў дзень 7 лістапада 1939 года. Перад былымі падпольшчыкамі – камуністамі і ўсімі, хто прысутнічаў на ўрачыстым вечары, яны далі цвёрдае абяцанне:
- быць годнымі піянерамі;
- дапамагаць старэйшым;
- любіць сваю Радзіму.
Колькі ж было радасці, захаплення і нястрыманага шчасця ў тых хвілінах! Як моцна грукала сэрца дзяўчынкі, калі той павязвалі гальштук!
Ніна з гонарам усведамляла, што цяпер яна піянерка.Праз колькі дзён у школу прыехаў важаты, ім быў Мікалай Цітоў (былы ваенны). Да канца вучэбнага года ў школе ён цалкам стварыў піянерскую дружыну.
Як творча працаваў важаты! Ён прыдумваў шмат цікавых спраў, гульняў. Піянеры авалодвалі ведамі, праводзілі цікавыя зборы, спазнавалі самыя глыбокія загадкі навакольнага свету і ніколі не былі засмучанымі.У важатага была дзіўная і даволі трапная прыказка «Няма той вяршыні, якую б мы не зрушылі!” Таму ён заўжды дасягаў пастаўленай мэты.
Да Вялікай Айчыннай вайны Ніна Ільінічна паспела скончыць чатыры класы. Затым магчымасці вучыцца не было: час патрабаваў плённай працы.
Але і жудасная ваенная навала не пахіснула піянерскага абяцання Ніны.
У гады Вялікай Айчыннай вайны яна змагла захаваць не толькі свой гальштук, але і выратаваць сцяг дружыны сваёй школы, які ў той год не паспелі ўручыць піянерам. Сцяг быў у Нінінай цёткі. Хаваць дома яго было небяспечна. Але аднойчы дзяўчынка ўсё ж папрасіла маці:
- Мамачка, я вазьму. Мы схавалі гальштук і немцы не знайшлі, не знойдуць і сцяг.
Мама згадзілася. Яна была камуністкай.
Ніна Ільінічна ўспамінае: “ І вось пахмурным вераснёўскім днём я
выходжу ад цёткі. Сцяг абматаны вакол цела. Зверху надзета паліто. У руках вузялок з сырам і некалькімі яйкамі – падарунак дзецям. Выходжу на вуліцу і
з жахам заўважаю немцаў. Яны моцна перагаворваюцца, выходзячы з суседняй хаты. Шукалі сабе ежу. Можа гэта і выратавала мяне. Дадому я прыйшла без ніякіх здарэнняў. Сцяг палажыла да піянерскага гальштука, зашыла ў цырату і схавала ў матрац сястрычкі Алы. Думала, што ў калысачцы дзіцяці не будуць шукаць нічога. Памылілася.
Аднойчы ў час вобыску гітлераўцы загадалі забраць дзіця і падняць матрац. У мяне сцяла сэрца: а калі загадаюць распароць, што тады? На гэты раз бяда мінавала.”
Калі немцы пайшлі, Ніна забрала скрутак са сцягам і гальштукам, схавала на гарышчы пад пячной грубкай.
Але не толькі ў той дзень дзяўчынка ахвяравала сваім жыццём. Не раз прыходзілася ёй разносіць агітацыйныя партызанскія лістоўкі ў суседнія вёскі. У таемнай барацьбе праходзілі гады акупацыі.
16 ліпеня 1944 года вёска, дзе жыла Ніна Ільінічна, была вызвалена ад немцаў. Але ж пакідаючы вёску, ворагі падпалілі саламяныя дахі дамоў.
Сцяг! Ён разам з усімі перажыў акупацыю, а цяпер, на парозе вызвалення, можа загінуць у агні. Ніна Ільінічна палезла на гарышча, дастала скрутак, паклала ў пяцілітровы бідон, зверху – хлеб, бутэлька малака. Узяла на рукі сястрычку, пайшла з вёскі туды, дзе хаваліся ў бульбяных ямах вяскоўцы і яе сям’я.
Вечарам у вёску прыйшлі чырвонаармейцы, дапамаглі
патушыць дахі хат. Людзі пачалі вяртацца дамоў, пачалося новае жыццё.
1 верасня 1944 года вучні зноў селі за школьныя парты. Ніна пайшла ў шосты клас Луненскай школы. Яе выбралі старшынёй піянерскай дружыны.
7 лістапада 1944 года яна перадала выратаваны сцяг той жа дружыне. У чэрвені 1945 года сцяг быў перададзены ў Гродзенскі абласны гісторыка-археалагічны музей.
Вы толькі задумайцеся: ці змаглі б вы здзейсніць такое, рызыкуючы сваім
жыццём, выратаваць сімвал піянерскай Славы і Гонару. А Ніне Ільінічне ў той час было ўсяго пятнаццаць гадоў. І здзяйсняючы гэты, па - сапраўднаму, гераічны ўчынак, яна не думала, што чакае яе далей. Дзяўчынка добра ведала: урачыстае абяцанне піянера - яна абавязкова выканае, нягледзячы ні на што.
У 1946 годзе Ніна Хомка паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. У 1947 г. выйшла замуж. У 1962 годзе яна разам з сям’ёй пераехала ў Вярэйкі. Тры гады працавала ў Вярэйкаўскай школе-інтэрнаце выхавальніцай, затым – старшынёй сельсавета, а потым у Вярэйкаўскай сярэдняй школе настаўніцай абслугоўваючай працы.
Да 20 - годдзя Перамогі за выратаванне піянерскага сцяга Ніна Ільінічна была ўзнагароджана медалём “За адвагу”.
Да баявой узнагароды дабавіліся: медаль “За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, “За працоўныя дасягненні”, а таксама 15 ганаровых грамат за выхаваўчую работу. Ніна Ільінічна з’яўляла байцом “Батальёна беларускіх арлянят”. З выратаваным сцягам Ніна Ільінічна сустракалася не толькі ў музеі, з ім была на першым злёце важатых у Мінску ў 1971 годзе. У 1972 годзе яна была ўдзельнікам юбілейнага піянерскага злёту ў Маскве і з гонарам пранесла сцяг па
Чырвонай плошчы. У 1974 годзе – на злёце арлянят у Мінску. У 1984 годзе – на злёце ў піянерскім лагеры “Арлёнак”, а ў 1987 годзе сцяг зрабіў падарожжа ў Артэк.
У 1984 годзе на базе Вярэйкаўскай СШ быў арганізаваны цімураўскі атрад імя Марата Казея. Яго кіраўніком, аднагалосна, была выбрана Ніна Ільінічна Хомка. Зараз піянерская дружына нашай школы носіць ганаровае імя - імя Хомка Ніны Ільінічны. Гэта яна вучыла нашых бацькоў дапамагаць блізкім, імкнуцца да цікавага, верыць у лепшае і тварыць дабро.