Уголок ткачихи

Ад родных ніў, ад роднай хаты,

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Дзявочыя забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад персідскі ткуць яны.

 

З сівой даўніны і на працягу многіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакалення перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчанне таму – створаныя пад сялянскімі стэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі. Ткацтва з’явілася яшчэ ў эпоху неаліту. Для яго выкарыстоўваліся шэрсць, лён, каноплі, крапіва. Адбеленае палатно ў летапісах згадваецца нароўні з каштоўным шоўкам і сукном.А асноўным матэрыялам для беларускай ткачыхі з’яўляўся лён.

Лён у XIX —XX стст. адыгрываў важную ролю ў жыцці насельніцтва нашага краю. Таму прадпрымаліся крокі для паляпшэння яго гатункаў і ўраджайнасці. Выкарыстоўваліся ўгнаенні, заводзіўся і рэалізоўваўся сорт ільну-даўгунцу, пачалі выкарыстоўвацца новыя прылады працы для яго апрацоўкі і вырошчвання.

 Лён шмат даваў жыхару Беларусі, але ж колькі турбот і працы патрабавалася, каб ільняная нітка лягла ў адзенне ці прыгожы ручнік. Калі сеялі лён, трэба было не толькі добра ўзараць і забаранаваць поле, але яшчэ ўручную разбіць камы, зберагчы поле ад птушак, пустазелля і шкоднікаў. Калі ж лён адцвітаў, трэба было «браць». Бралі лён у жніўні, баяліся, каб не перастаяў.

         Апрацоўка ільну прадугледжвала працэс аддзялення галовак ад сцяблін. Вядомыя два спосабы: абіванне і абрыванне. У беларусаў найбольш распаўсюджана – абіванне. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі дравяны валік (“пральнік”, “пранік”) – драўляны прамавугольны брусок, даўжынёй 25 – 30 см. Пры абрыванні выкарыстоўваліся нажы. Яны нагадвалі цяпку з зуб’ямі.

Наступны этап – атрыманне валакніны. Спачатку ільняную саломку змягчалі. Слалі лён на роўнай паверхні, і ён змягчаўся пад уплывам расы, дажджу і сонца. Вылягаць лён мог ад 3 да 6 тыдняў, у залежнасці ад надвор’я. Часта лён мачылі ў вадаёмах. Часта гэта дрэнна ўплывала на рыбу. Падняты лён вязалі ў снапы.

Пасля прасушкі лён мялі. ужо ў X–XIV стст. славянскія народы для апрацоўкі валакна выкарыстоўвалі льнамялкі. Яны маглі быць як ручнымі так і нажнымі, у нашым выпадку гэта ручная

Пасля валакно трапалі, выкарыстоўваючы дзеля гэтага  трапло  – тонкую дошку, 40–45 см даўжынёй і 6–8 см шырынёй і трапалку.  А пасля валакніну шкраблі драўлянымі ці жалезнымі грабянямі. Валакніна, якая атрымлівалася, звалася  кужаль. Яго скручвалі або запляталі ў косы, і гэтак захоўвалі да прадзення.

Шэрсць была таксама распаўсюджанай сыравінай для вырабу тканін. Апрацоўка складалася з трох этапаў: стрыжкі авец, мыцця і шкрабцення. Стрыглі спецыяльнымі нажніцамі, якія на Беларусі былі вядомыя ўжо з V ст. Яны ўяўлялі сабою жалезную пласціну, якая была сагнутая пасярэдзіне і нагадвала лацінскую літару γ (гама).

Прадзенне займала адно з важных месцаў у гаспадарцы. Выраб нітак займаў 75% агульнай вытворчасці. Пралі у асноўным на ручным верацяне.

Працэс прадзення наступны. Нітку скручвалі на верацяне. Верацёны рабілі конусавіднымі, даўжынёй 18 – 30 см., з патаўшчэннем пасярэдзіне і надзетым на ніжнюю частку прасліцам, якое выкарыстоўвалася дзеля паскарэння кручэння верацяна падчас прадзення.

Пралі ў асноўным жанчыны. Жанчына трыма пальцамі левай рукі выцягвала валокны з кудзелі, а трыма пальцамі правай рукі круціла верацяно. Калі нітка дасягала даўжыні выцягнутай  рукі, яна наматвала нітку на пальцы левай рукі, а потым навявала яе на верацяно і на верхняй, завостранай, частцы замацоўвала пятлёй.

З маленства дзяўчаты навучаліся розным відам рукадзелля, у тым ліку прадзенню, бо інакш нельга было выйсці замуж. Існавала прымаўка: "Не пралля - не жонка". Таму гадоў ужо з 5- 7 іх прывучалі да прадзення. Да 10 - 12 гадоў яны плялі, у асноўным, шарсцяныя паясы да свайго вяселля. Прасці пачыналі пасля заканчэння ўсіх уборачных работ, з глыбокай восені, калі наступала сумная пара года з кароткімі днямі і доўгімі начамі. Жанчыны займаліся прадзеннем ва ўсе дні тыдня, за выключэннем свят і нядзелі. Нярэдка для прадзення кудзелі замуж нія жанчыны і дзяўчаты збіраліся ў адну, звычайна найбольш прасторную хату. Пад час вячорак расказвалі казкі, жартавалі, пелі песні.

Пражу змотвалі ў маткі на самаробных драўляных прыстасаваннях — матавілах, якія ў нашых мясцінах называліся крыжы. Потым з маткоў ніткі змотвалі рукамі ў клубкі.

У XX ст. быў распаўсюджаны калаўрот (“самапрадка”). Прасніца для калаўрота выглядае, як невялікая лапатачка, яна ўстаўляецца ў спецыяльную адтуліну ў самапрадцы. Самапрадка складаецца з кола, педалі, прадзільнага апарата. За зіму трэба было на вялікую сям'ю выткаць да 150 метраў тканіны.

Ніткі мылі і фарбавалі. У другой палове XIX ст. выкарыстоўвалі часцей за ўсё фарбы, якія атрымоўвалі з раслін. Нашы старэйшыя зямлячкі ўспамінаюць, што рабілі для афарбоўкі льняной пражы адвар з кары дуба, ясеня, крушыны і інш. Пазней фарбы купляліся ў крамах ці ў вандруючых гандляроў.

Выраблялася тканіна на кроснах – ткацкім станку.

         Выкарыстоўвалі берда – прамавугольную раму, у якую ўстаўлялі тонкія (1 мм) лучынкі (асінавыя або кляновыя). Памер берда залежыў ад якасці будучай тканіны. Для атрымання грубай тканіны берда рабілася шырокім, зуб’е было радзей і бралася меншая колькасць пасмаў (8, 10, 12). Для тонкіх тканін берды браліся больш густыя. У X – XIII стст. сустракаліся берды шырынёй да 1 м.

Таксама былі часткі, якія не ўваходзілі ў канструкцыю стану, але з’яўляліся неабходнымі для ткацтва: чаўнок, цэўкі, сукала і пругі. Цэўка – палачка, даўжынёй 14 – 16 см., часцей за ўсё з бузіны, полая знутры, з невялікімі патаўшчэннямі па канцах. Выкарыстоўвалася для намотвання нітак утоку. Намотвалі з дапамогай сукала – 2 стойкі з замацаваным паміж імі валікам з махавым колам, якое ўзмацняла кручэнне валіка. На замацаваны з другога боку жалезны стрыжань надзявалася цэўка. Цэўка памяшчалася ў чаўнок, які было патрэбна добра адшліфаваць, каб ён лёгка скальзіў паміж  ніткамі асновамі. Пругі выкарыстоўваліся для раўнамернага нацягу тканіны. Гэта дзве накрыж скрэпленыя дошчачкі з убітымі па канцах цвікамі. Яны ставіліся на тканіну па цэнтры пад тупым вуглом, цвікі ўколваліся ў краі тканіны, дошчачка распрамлялася і нацягвала тканіну.

Працэс вырабу тканіны, як бачна, — вялікая і нялёгкая праца жанчыны-сялянкі. Ён вёўся на працягу некалькіх месяцаў. Пры гэтым жанчыне даводзілася працаваць па 10 і больш гадзін у суткі. Адна жанчына, як сведчаць этнаграфічныя крыніцы, магла спрасці і выткаць за зіму да 100 аршын палатна (аршын каля 70 см).

Каб пража і даматканае палатно былі белымі, маткі пражы вымочвалі, выбівалі пранікам на рэчцы, паласкалі, затым рассцілалі на роснай траве пад сонцам. Такі спосаб існаваў да сярэдзіны XX ст. Натканае палатно захоўвалі спачатку ў кублах, потым у куфрах, якія ў нашай мясцовасці называюцца сундукамі.

Асноўнымі прадметамі дамашняга вырабу заставаліся ў пачатку XX ст. паясы, ручнікі, абрусы. Абрусы былі паўсядзённымі і абрадавымі. Абрадавыя абрусы выкарыстоўваліся на вяселлі, ішлі на пасаг. Абрадавы абрус браўся ў час памінак на магілы родных. Лепшага ручніка, чым ільняны, не знайсці. Яго палатно, як абрадавая рэч, ішло на набожнікі (ручнікі для чырвонага кута), больш грубыя і доўгія служылі ўціральнікамі, якімі карысталася сям'я.

У час хрэсьбін, вяселля, пахавання ручніку адводзіцца асаблівае месца. Арнаментуюцца ручнікі багата. Ромба-геаметрычныя ўзоры былі пераважаючымі па колькасці на рубяжы XIX — XX стст. Паступова набываў усё большую папулярнасць раслінны арнамент, канцы ручнікоў упрыгожвалі карункамі, плеценымі з нітак, вязанымі на прутках, вышыўкай. Існуе і вышыўка па гатовым узоры.