Грамніцы

Дзеючыя асобы:

Грамаўнік

Грамаўніца

Дзяўчаты

Хлопцы

Андрэй з калодай

Пані

Паніч

Вазніца

Павадыр мядзведзя

Мядзведзь

Гарэлыш

Пужайла і Пужаніца – “нячысцікі”

 

Хлопец. Добры дзень!

Дзяўчына.  Дзень добры!

Хлопец. Сёння мы вам раскажым..

Дзяўчына. Раскажым вам мы сёння...

Хлопец. Пра тое, як вясна з зімою сустракаецца...

Дяўчына. Пра тое, як зіма з вясною стракаецца..

Хлапец. І свята гэтае нашы продкі называлі Грамаўнік!

Дзяўчына. Называлі продкі нашы гэтае свята Грамаўніца!

Хлапец. Грамаўнік!

Дзяўчына. Грамаўніца!(Некалькі разоў паўтараюць, спрачаючыся)

Зяўляецца хлопец у фраку

Хлопец. Стрэчанне!

Дзяўчына і хлопец. (Разам) Стрэчанне?

Хлопец. Так адбылася, што на Беларусі свята гэтае мае некалькі назваў. Грамаўнік, Грамніца, Стрэчанне - гэта ўсё адно свята.

Дзяўчына. То трэба скончыць спрачацца..

Хлапец: Спрачацца скончыць трэба..

Дзяўчына. Свята трэба пачаць..

Хлопец. Пачаць трэба свята… Паважанае спадарства, час запаліць грамнічныя свечкі .

 

Кампазіцыя - эцюд «запальванне грамнічных свечак» 

Дзяўчаты і хлопцы.( Кажуць па чарзе)

-Ой, выйдзем, дзевачкі, на новае лета, зімавалі - не спявалі, вясну чакалі.

- Грамніца- зімы палавіца.

- Грамніцы- хлеба палавіца, а зімы трэцяя частка.

- Прыйдзі, прыйдзі , вясна, прыйдзі, прыйдзі, красна, да нас у таночак, прынясі нам збожжа, прынясі нам красак, каб нам звіць вяночак.

 

З’яўляюцца Пужайла і Пужаніца, «нячысцікі» у страшных масках, пужаюць і казычуць усіх, гасяць агонь на свечках  (музычная кампазіцыя «злыя духі»)          

Пужайла. Го-го-го.. мароз!

Пужаніца. Гоо-го-го..завіруха!

Пужайла. Пойдзем мы ў згодзе ўдваіх скакаці. Людзям перашкодзім мы вясну гукаці.

Пужаніца. Каб хучэй мароз з’явіўся ды завіруха разгулялася, ды ўсіх бы разагналі, каб і з сваіх хацін не высунулі  носа.

Пужайла. Вось калі б нам раздолле было, а то, бач ты, цяпла ім захацелася, --вясны чакаюць..!

Дзяўчына. Што рабіць?

Хлопец Трэба дапамогі прасіць.

Павадыр мядзведзя.

- Мядзьведзь, мядзьведзь, разгонь тучу,  дам табе аўса кучу.

Мядзьведзь рыкае на «нячыстую сілу», яна хаваецца

Павадыр мядзведзя.

Добры мішка, прасі за сваю службу, чаго жадаешь?

Мядзведзь.

Сонейка, сонца, выгляні ў акенца,

Пасвяці нам трошку, дам табе гарошку.

Хлопец.

Соўнейка- ядрушка, выблесні, выгляні!

Твае дзеткі на паветке сыр калупаюць -

Людзям раздаваюць.

Людзям па ложцы, а нам ні па крошцы.

Дзяўчына.

Сонца, сонца, выблесні ў аконца!

Я тваю матку відзела: на камушку сядзела,

Іголачкі істрыла, мяшэчкі мыла, намётачкі бяліла!

 

Усе выконваюць песню «Свяці, свяці сонейка..»

«Нячыстая сіла» выцягвае драўляную калоду, моцна  стукае па ёй, пужаючы  ўсіх.

Дзяўчына.

Кацілася калода,  каля панава гарода,

Пыталіся ў Бога,  што заўтра дождж ці пагода?

Пагода, пагода гу-у-у..

Хлапец.

Гнілая калода, ці будзе заўтра  пагода?

Калі будзе - адгукніся, а не будзе- заікніся.

’е па калодзе і чакае, які будзе адказ)

Дзяўчына.

Андрэйка - калода, што заўтра будзе ,

Дождж ці пагода?

Б-з-з.

Андрэй.

Калода, калода, ці будзе заўтра пагода?

Як цяпер то пушчу,  а заўтра, то заб’ю.

Усе.

Калода, калода, калі будзе пагода?

Як цяпер, то ляці, як у чацверг, то сядзі!

 

Дзяўчаты і хлопцы разганяюць «нячыстую сілу».

 Музычная  кампазіцыя «запальванне грамнічных свечак»

Дзяўчына. Святое стрэчанне свечы сукае, лета сустракае.

Хлопец. Каб запліць грамнічныя свечкі трэба здабыць жывы агонь.

 

Лічылкай выбіраюць таго, каму  можна даручыць адказную справу здабывання агню

Дзяўчына.

Эна- бэна дудкі, - гаспадар малюткі,

Гаспадыня яшчэ менша, і, напэўна, разумнейша.

Села баба на барону, паехала ў госці

І нарвала траўкі,

Хто траўку знайшоў, той вон пайшоў.

 

Той, каго выбралі, распачынае здабываць агонь, тручы брусы дрэва адзін аб другі.

Усе.

Гары гары гарка,

Прыедзе кухарка,

Кухарка- на карове,

Кухар- на кабыле,

Цёці на цялятках,

Слугі на шчанятках.

 

Спроба запаліць агонь, тручы брусы дрэва адзін аб другі не ўдалася, таму зноў лічылкай выбіраюць таго, хто будзе здабываць жывы агонь.

Хлопец.

Петушок, петушок, залаты грабянёк,

На саломцы спаў, - ён рана ўстаў,

Па вадзічку пайшоў, маладзічку знайшоў,

Маладзічка дабра яму штонікі дала,

Ён і тыя не знасіў, і другія папрасіў.

 

 Агонь імкнуцца здабыць   удараючы камяні адзін аб другі.

Усе.

Гары, гары гарка,

Прыедзе кухарка

І прывязе кока

Дай залепіць вока.

 

Агонь не хоча  загарацца.

Дзяўчына. Як жа нам грамнічныя свечкі запаліць?

Хлопец. Можа нам агню ў гарэлыша папрасіць?

Усе гуляюць у гульню “Гарэлыш”

(глядзі Гульні.Забавы.Ігрышчы./ Склад. Лозка А.Ю. Мінск.2000.)

Усе.

Гары, гары ярка,  прыедзе Захарка

У чырвонай шапцы - сам на лашадцы

Жана на кароўцы, дзеці на сабачках,

Казёл ў кафтане, каза ў сарафане,

Вуткі ў будке! Тараканы! Біце ў барабаны!

 

Усе ўдзельнікі выконваюць танец.

 Урэшце агонь загараецца, усе запальваюць ад яго грамнічныя свечкі.

Удзельнікі выконваюць песню “Святыя Грамніцы”

Дзяўчаты і хлопцы. ( З’яўляюцца і кажуць па чарзе)

-Грамаўнік!

-Грамніца!

-Стрэчанне!

 

З’яўляюцца «нячысцікі».

Пужайла. Хто нас клікаў? Хе-хе-хе! (Здзекліва)

Дзед пайшоў у грыбы, а баба ў апенькі,

Дзед свае прасушыў, а бабіны макрэнькі.

 Пужаніца.

А дзед- дзядуленька , а дзе твая бабуленька?

Пужайла і Пужаніца. (Разам).

Нету, нету, да няма ж,- паехала на кірмаш.

А ці чорт яе панёс, не памазаўшы калёс.

Дзяўчына. (Звяртаючыся да «нячысцікаў»)Мікіта, ці ты та?

Пужайла. Не я то - мой тата.

Хлопец. Мікіціха дзяжу месіць,

Дзяўчына. А Мікіта чэшыць,

Хлопец. Мікіта дровы сячэць,

Дзяўчына. А Мікіціха бліны пячэць,

Хлопец. Сячэць дровы яловыя,

Дзяўчына. Пячэць бліны паловыя.

Хлопец. Касы заяц нанёс яец,

Дзяўчына. Вывеў дзяцей - касых чарцей.

 

Выганяюць «нячысцікаў», каб яны не першкаджалі добрай справе.

Усе. (Разам)

Наталля, пралля,

Кузьма- вераценнік.

Пайшоў у бярэзнік,

Сабакі дагналі,

Нагу адарвалі.

Пужайла. (Жаласна) Вясна красна наступае, вадой лугі залівае,

Што не прайсці не праехаць, свайго роду не праведаць.

Пужаніца. (Амаль плачыць) Ой, вясною, за вадою, а ў лецечку - за жнівамі, а зімою за снягамі, не прайсці і не праехаць.

Дзяўчына. (Супакойвае)

Дзіця ж маё маладое, ты вясною- на чоўнічку, ты ў лецечку- у нядзелечку,

А ў зімачку  ў палазочку, - такі ж роду пераведай.

Хлопец.

А каб прыйшлі сапраўдныя Грамаўнік і Грамаўніца трэба нам добра павесяліцца!

 

На возе едуць двое: Вазніца і Паніч.

Паніч. Во, убіў я зайца, дык з яго сала было з цэлы пуд.

Вазніца. Во, пане, будзем ехаць праз мост, дык там Пярун брахуноў маланкай б’е.

Паніч. А далека той мост?

Вазніца. Ды не - во за гэтым лесам, дзе горка, а там луг, а там ужо зусім блізка.

Паніч. Каб ты бачыў таго зайца - аднаго сала з яго было хунтаў з дзесяць.

Вазніца. Вось ужо той мост хутка будзе відаць.

Паніч. Ну, можа не дзесяць, але ж хунтаў пяць з таго зайца сала было.

Вазніца. Мост той зусім слабы ад маланак Грамаўніка, ня ведаю ці вытрывае мост?

Паніч. Ну, хоць сала на ім не было, а ўсе ж заяц быў не такі худы. А дзе ж той мост?

Вазніца. А разышоўся, як заечае сала.

 

Дзяўчына.

Едзіць вясна, едзіць на залатым кані

У зяленым саяні,

На сасе седзячы, сыру зямлю аручы,

Правай рукой сеючы, а смыком скародзячы.

Едуць на возе Вазніца, Пан і Пані.

Пані. Было гэта даўно-даўно.Сяджу аднойчы адна дома і раптам з’яўляецца стары. Я, - кажа ён, -  цудатворац і магу вам сказаць, што праз некалькі хвілін у ваш дом Грамаўнік маланкай трапіць. Я перапалохалася! Што хочаш бяры, толькі зрабі, каб гэта не здарылася. І што вы думаеце - не трапіў Грамаўнік...

Хлопец.

Вязець, вязець вясна

Вязець, вязець красна

Ясны дзянёчкі,

Чыстыя дажджочкі,

Зялёныя травы,

Красныя квяточкі

Дзеўкам на вяночкі.

Едуць на возе Пан, Пані, Паніч, Вазніца.

Вазніца. Абарані, Божа, ад Перуновай маланкі, дык пастаўлю табе свечку!

Паніч. Вазьніца, а дзе ж ты столькі воску возьмеш?

Вазніца. Маўчы смаркач - абы толькі з балота выехаць...

Удзельнікі выконваюць  песню Песню «Вол бушуе...»

Дзяўчаты і хлопцы. (Клічуць па чарзе):

-Грамаўнік!

-Грамніца!

-Стрэчанне!

 

З’яўляюцца сапраўдныя Грамаўнік і Грамаўніца.

Пужайла і Пужаніца. (Спалохаўшыся). Не ўбіце, пашкадуйце нас. Пакрыйце нашу глупасць сваім розумам.

Грамаўніца. Мы вас не будзем караць, калі вытрымаеце наш іспыт.

 

Грамаўніца загадвае загадкі, «нячысцікі» просяць дапамогі і гледачоў

Загадкі:

-Вісіць сіта, залатое, навітае. Усе яго любяць, чакаюць, убачаць адразу заплачуць(Сонца).

-Як зойдзе ў дом - не выганіш калом, а пара прыходзіць - ён і сам сыходзіць. (Прамень сонца).

-Карова бяжыць, скура ляжыць. (Вада і лёд).

-Дзед мост масціў без сякеры, без долата. (Лёд).

-Без ног бяжыць, без вачэй глядзіць. (Вада).

-Бегла ліска каля ляску блізка, і не сцежкі, не дарожкі, толькі залатыя рожкі. (Маланка).

-Ляцеў птах, на ваду бах, вады не скалыхнуў, на дно патануў.(Снег).

Песня «А ў нас сёння Стрэчанне», выконваюць усе ўдзельнікі