Печь

Печ

Адзін з асноўных рытуальных цэнтраў космасу сялянскага жытла. Яна ўзяла на сябе функцыі міфалагічнага асяродку хаты, які ў свой час належаў агменю, а затым, відаць, ужо ў хрысціянскі час, у хаце ўтварылася сілавая лінія жыцця, якая злучыла чырвоны кут і белую П. (гэтыя рытуальныя цэнтры заўсёды размяшчаліся цэнтры заўсёды размяшчаліся па дыяганалі ў супрацьлеглых баках). Афарбоўка П., зона яе размяшчэння (пераважна каля парога), шматлікія кантэксты ўлучэння яе ў структуру абрадавых комплексаў сведчыць аб тым, што яна выконвала ролю пасярэдніка паміж жывымі і памерлымі продкамі.

   У міфалагічным плане печ успрымалася як утаймавальніца прыроднага агню (сына Сонца або Перуна) і адначасова яго захавальніца, што сімвалізавала несупынны працяг жыцця ў хаце. Перад тым як засланіць П., гаспадыня загортвала ў спецыяльнае заглыбленне некалькі вугалькоў (гл. у загадках: “Поўна карыта золатам наліта”) і засыпала іх попелам, каб назаўтра дастаць і распаліць новы агонь. Затуханне вугалькоў прадказвала хуткую смерць каго – небудзь з сямейнікаў.

   Толькі двойчы на год агонь тушылі ў печы спецыяльна: у дзень веснавога раўнадзення, калі яго выносілі на летні перыяд на двор, на адкрытае паветра, і ў дзень восеньскага раўнадзення, калі агонь уносілі ў хату і запальвалі ад грамеічнай свечкі (на Багача). Гэту акалічнасць зафіксавалі загадкі: “Які гэта звер: зімой есць, а летам спіць, цела поўнае, а крыві не мае?”

   Печ цалкам паўтарала міфапаэтычную мадэль свету, яе структурныя гарызонты адпавядалі плыні часу: падпечак (як і пограб) – мінулае, загнет, вусце, і засланка – дзень сённяшні, комін, перакрываны юшкай (душой), суадносіўся з будучыняй. Вертыкальная структура печы атрымала перакадзіроўку ў катэгорыях сямейна – родавай судатычнасці ў загадках: “Матка таўстуха, дачка краснуха, а сын Хвядос пайшоў да нябёс” (адгадка: печ, агонь, дым).

Міфалагічная функцыя печы як ахоўніцы і захавальніцы жыцця паслужыла асновай абрадавай перакадзіроўкі П. як рытуальнага цэнтра, вакол якога разгортваліся шматлікія абрады каляндарнага і сямейнага цыклаў. У Чысты чацвер попел выграбалі з печы і неслі ў куратнік, каб добра несліся куры, а летам ім пасыпалі капусту, каб не паелі вусені. На Палессі існаваў абрад “Жаніцьба коміна”, які ладзілі двойчы на год у дні раўнадзенняў. На прыпечку знахары пралівалі праз адтуліну ў смаліне ваду, з дапамогай якой затым здымалі сурокі або падзівы.

   Значная колькасць рытуалаў сямейнай накіраванасці таксама выконвалася каля печы. У час заручынаў дзяўчына сядзела на печы і злазіла з яе толькі тады, калі давала згоду на шлюб. Пераступіўшы парог хаты маладога, маладая кідала на печ чырвоны пояс. На Віцебшчыне існаваў стаўбавы абрад, дзеянні якога  разгортваліся ў час падрыхтоўкі і выпякання каравая.

   Нараджэнне дзіцяці і першы год яго жыцця таксама звязаныя з печчу. Напрыклад, пры першым рытуальным купанні ў ночвы клалі дзевяць вугольчыкаў. На працягу першай паловы года ваду, у якой купалі дзіця, вылівалі ў падпечак. Валасы першага пастрыгу спальвалі на прыпечку. А ўсе малочныя зубы кідалі ў запечак, прыгаворваючы: “Мышка, мышка. На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!” Пры захворванні дзіцяці на так званыя сушчы (калі дзіця станавілася вельмі схуднелым) і пры некаторых іншых хваробах выконваўся адмысловы рытуал “перапякання”, які заключаўся ў наступным: хворае дзіця маці саджала на лапату хлебную, абмывала вадой, якой прыгладжвалі хлеб, і, імітуючы пасадку хлеба ў печ, клала лапату на прыпечак. Пры гэтым часам прыгаворвалася: “Адкуль прыйшло, туды і пайшло!” (Гомельшчына). Само рытуальнае дзеянне магло апісвацца як “пекчы сушчы”.

   Важнае месца займала печ і ў пахавальнай абраднасці. Удзельнікі пахавання, перш чым сесці за стол, падыходзілі да печы і аберуч датыкаліся да яе брыля (“грэлі рукі”). На восеньскія Дзяды гаспадар падыходзіў да загнета, заглядваў у комін і зваў на вячэру душы памерлых продкаў.