Каляды
Распрацавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзямешчык Тамара Уладзіміраўна
Дзея 1. «Ражаство»
Гаспадыня: Вось і ўзышла на небе першая зорка.
(Гаспадар бярэ лыжку куцці, падыходзіць да вакна, расчыняе яго.)
Гаспадар: Мароз, мароз, хадзі куццю есці. Улетку не бывай. Не марозь жыта, пшаніцы,аўса, проса, лёну і ўсяго што мне трэба пасеіць, бо мы будзем біць цябе жалезнымі пугамі.
(Гаспадыня бярэ лыжку куцці, падыходзіць да вакна.)
Гаспадыня: Мароз, мароз. Хадзі куццю есці. Улетку не бывай, не марозь моркву, буракоў, бульбы, гуркоў і усё, што мне трэба садзіць, бо мы будзем біць цябе жалезнымі пугамі.
(Гаспадар сядае на покуць, самае ўрачыстае месца ў хаце.)
Гаспадар: Алена, ці бачыш ты мяне?
Гаспадыня: Не, не бачу.
Гаспадар: А каб жа ты не бачыла за агуркамі, морквай, буракамі, бульбай свету.
(Гаспадыня сядае на покуць.)
Гаспадыня: Кастусь, ці бачыш ты мяне?
Гаспадар: Не, не бачу.
Гаспадыня: А каб жа ты не бачыў за вазамі, за капамі, за стагамі свету.
(Гаспадыня штурхае гаспадара, ён спрытна падае на падлогу.)
Гаспадар: Дай жа Божа каб твае снапы на ніву так падалі!!!!
Дзея 2. «Каза»
Вядучы: Нехта грукае ў хату, напэўна калядоўшчыкі.
Калядоўшчык: Добры вечар вам. Ці рады вы нам?
Гаспадыня: Мы та рады, да вы хто такія?
Калядоўшчык: Мы – людзі не простыя, з далёкага краю, хлапцы ўсе сталыя, з-пад самага раю.
Гаспадыня: Адкуль ідзіцё?
Калядоўшчык: Ідзем ад пана нашага Года, што носіць бароду шыроку як лапата. Сіву і касмату.
Гаспадыня: А куды ідзіцё?
Калядоўшчык: Ідзем кругом света, да пана нашага Лета, мы к лету ідзем, казу вядзем і радасць нясем. Ці шырокія лавы каб нам паляжаці, ці добрая гаспадыня каб нас частаваці?
Гаспадыня: Гаспадыня та добрая і нават шчодрая, дык за што ж вас частаваці, спачатку трэба паспяваці?
Калядоўшчык: Шаноўныя калядоўшчыкі гаспадыня дазваляе калядаваць і просіць паспавяць.
(Гурт уваходзіць у хату з песняй «На нова лета». На пярэдні план выходзіць каза і павадыр.)
Павадыр: Устань козачка, расхадзіся. Панам гаспадарам пакланіся.
(Гурт спявае песню «Го-го-го каза». Каза танчыць, бадае павадыра. Раптоўна ёй становіцца кепска, яна падае і ляжыць нібы мёртвая.)
Павадыр: Ой, што ж гэта стала. Каза мая упала, здохла, прапала. Маёй казе няшмат трэба: два боханы леба, сем печ перапеч, а яшчэ аладкі каб бакі былі гладкі, а яшчэ таго мала дайце кавалак сала, чацвёрты пірог каб казу сцярог і два піражочкі казе на ражочкі.
(Гаспадыня адорвае калядоўшчыкаў.)
Гаспадыня: А дзе вы такую казу ўзялі?
Павадыр: На кірмашы ў старога купіў, сямсот даляраў заплаціў.
Гаспадыня: А дзе сам так вывучыўся?
Павадыр: Па ўсім свеце ходзячы, торбу хлеба носячы, кнігі розныя чытаючы верх, нагамі трымаючы. А вы шчаслівы бывайце, ды за год нас чакайце.
Дзея 3. «Мядзведзь»
(На пярэднем плане мішка і ягоны павадыр.)
Павадыр: Кланяюся ўсім нізка. І мішка таксама кланяецца. Мой мішка не просты, ён – вучоны, Смаргоньскую акадэмію скончыў. А ну, мішка, пакажы як бабы бялізну мыюць.
Павадыр: А пакажы, мішка, як п’яны мужык Янка дамой з карчмы вяртаецца. Весялей, весялей, мужык добрых дзве кварты выпіў і ног пад сабой не чуе.
Павадыр: А цяпер пакажы, мішка, як хлапец да дзеўкі заляцаецца. А дзеўка сароміцца.
Павадыр: Ну што, мішка, паскоч, хорашэнька.
(Мішка пачынае танчыць, гурт спявае «Ішла каляда ўпярод Раства».)
Павадыр: Ну што, Мішка, трымай мядовый пернік. Пернікі любіш? Каб у вас у кожным куточку было па сыночку, а як укоціцца бочачка, каб была яшчэ і дочачка. Каб у гэтай хаце было заўжды што даці, каб мякіну не таўклі і хлеб з яе не пяклі.
Дзея 4: «Мацей»
(На зэдліку сядзіць, громка стогне, трымаецца за жывот.)
Мацей: Авей, авей, авей. Вох, вох, вох. Вось, мае паночкі, быў я ў пана бараноўскага на куцці, дык як пад’еў я той куцці, што не магу сапці. Што мая Вулляна мне не рабіла, і гаршчок на пупе станавіла, не дапамагло, яшчэ горш прылягло. Параілі мне чамасу, купірвасу, бурачнага квасу, моху, чартапалоху і яшчэ нечага троху, усё гэта скалаціць і выпіць, і тое не дапамагла. Вось каб знайшоўся дактарочак, ды палячыў мой жываточак, аддаў бы яму і торбу і мяшочак.... і курэй і свінней і авечак і жонку мымру і дзяцей чарцей.
( У гэты час побач стаіць нехта ў белым і на пераліку загібае пальцы.)
Лекар: Ну што табе, мужык?
Мацей: Дык вось, мой паночак, нястраўнасць, рэзачка абяньбеніла.
Лекар: Кладзіся мужык.
Лекар: Прапісваю табе шалфею і тры разы па шэі... раз два тры.
Мацей: Аааа, ліха тваёй мацеры, намацеў, напацеў, дый сам к чорту паляцеў. От каб дагнаў, вось бы ў плечыкі нагрукатаў.
Дзея 5. «Цыган і кабыла»
(На сцэне сядзіць стары дзед, уваходзіць цыган з кабылаю. Кабыла мае выгляд вельмі старой і хворай жывёлы. Дзед дрэме на зэдліку.)
Цыган: Здарова, дзед... Здарова, дзед! О, пень глухі! (У самае вуха дзеду крычыць:) здарова, дзед!
(Дзед прачынаецца, пужаецца, але пазнае цыгана супакойваецца.)
Дзед: А здарова, цыган.
Цыган: Дзед, купі кабылу.
Дзед: Да патрэбна мне твая кабыла як свінне завушніцы.
Цыган: Да ты хіба ведаеш, чорт стары, што гэта за кабыла. Гэта ж цуда цудные, дзіва дзіўнае. Ды я на гэтай кабыле ад Балтыку да Іерусаліму за тры дні праскакаў.
Дзед: Так ужо і за тры дні?!
Цыган: Ну можа не за тры дні, а за тры гады. Да ты лепей прыгледзься да кабылы. Бокі гладкія як пугай высмаленыя.
Дзед: Не бухоў не трыбухоў, касцьмі брэнчыць.
Цыган: Высокая кабыла.
Дзед: З вузел, вераб’ю па калена.
Цыган: Мая сівая як быжыць зямля дрыжыць, а як паваліцца ляжыць. (Штурхае кабылу яна падае на падлогу.)
Дзед: А колькі год тваёй кабыле?
Цыган: Дык гэта... тры, тры гады.
Дзед: А колькі ты хочаш за сваю кабылу?
Цыган: Каб я з гэтага месца не зышоў, да каб я сабе ўсе ногі пераламаў, калі мая кабыла не каштуе міліён.
Дзед: Міліён???? Тры капейкі ў базарны дзень.
(Стары падыходзіць да кабылы, расчыняе ёй пашчу, углядаецца.)
Дзед: Дык у яе ж ніводнага зуба няма.
Цыган: Ну у цябе, чорт стары, багата зубоў.
( Дзед водзіць рукой перад вачыма кабылы, кабыла не рэагуе.)
Дзед: Дык яна ж сляпая. Тааак. Кабыла сляпая, бяззубая, колькі кажаш ёй гадоў?
Цыган: Ну я ж табе кажу: тры... мінула, даўно мінула, даўно.
Дзед: Ах ты брахлівая цыганская морда. Ёй жа усе трыста, яна ж загнецца праз дзень.
Цыган: Табе мая кабыла не ўпадабалася? Прышчапі зубамі язык качарэжка гнілая. А то зараз як вызвенчу гэтым кійком – сваіх не пазнаеш.
Дзед: А я як трэсну – зубоў не пазбіраеш. Боўдзела дурное.
(Дзед з цыганам пачынаюць біцца, кабыла тым часам хістаецца, ледзьве стаіць на нагах і зрэшты падае.)
Цыган, дзед: Лекара, лекара!
(На сцэне з’яўляецца нехта ў халаце.)
Цыган: Такая добрая кабыла была. (Лямантуе.)
(Лекар дастае нейкую вадкасць, залівае ў пашчу кабыле, кабыла ўстае, хістаецца. Пакуль дзед з цыганам яго дзякуюць, кабыла ізноў падае.)
Дзед, цыган: Ашуканец, ашуканец!!!!
(Цыган падхоплівае кабылу і зыходзіць.)
Дзея 6. «Цыганкі»
( Дзед пераводзіць дух.)
Дзед: Ой цыган, накрычаў аж у вушах зьвініць. Ну дзякаваць Богу пайшоў.
( У гэты час у хаты убягаюць цыганкі. Танчаць вакол яго. Дзед ашалела на іх глядзіць.)
Цыганка 1: Дзед, дзед, дай пагадаю.
Цыганка 2: Усю праўду скажу.
Цыганка 3: Што была, што ёсць, што будзе.
Цыганка 1. Завуць цябе Мацей.
Дзед: Мацей.
Цыганка 2: А прозвішча тваё Зяблік.
Дзед: Зяблік.
Цыганка 3: А старая твая памерла. Але яна не крыўдуе, усё даруе, зла не трымае, да сябе запрашае.
Цыганка 1: Дзед, ажэнішся ў наступным годзе.
Дзед: Ажанюся?????
Цыганка 2: А дзетак у цябе будзе двое: дзяўчынка і хлопчык.
Дзед: Якія дзеткі, стары я ужо, не атрымаюцца ў мяне дзеткі.
Цыганка 3: Да ты, дзед, хоць куды! (У бок:) з твайго году усе коні падохлі.
Цыганка 1: Ой дзед, што бачу, што бачу.
Дзед: Ну, ну кажы, кажы.
Цыганка 2: Сваякі твае ў Ізраіле паміраюць, і ня ведаюць, каму спадчыну пакінуць. А што за спадчына, звесткі маю.
Цыганка 3: Вілы дзве.
Дзед: Вілы????? Дык у мяне у сараі свае стаяць, я імі гной...
Цыганка 1: Фольцвагены тры.
Дзед: Фольцы????? Фрыцы. Гэта тыя, што мы ў 43 стралялі.
Цыганка 2: Не-не, не тыя.
Цыганка 3: Ой, дзед, што я бачу?! Прэзідэнтам будзеш!!!!!!!!!!!!
(Дзед спачатку з замілаваннем паўтарае слова «прэзідэнтам», потым да яго даходзіць, што яго дураць, ён раз’юшваецца.)
Дзед: Прэч, прэч, чавэлы, цыганкі брахлівыя, прэч, прэч.
Цыганка: Да каб ты заўтрашняга дня не прычакаў.
Дзед: А каб ты ўсе ногі сабе пераламала.
Цыганка: А каб да цябе госці штодня хадзілі.
Дзед: А каб ты села туда, дзе дна няма.
Цыганка: А каб ты ад лямпачкі прыкурываў.
Дзед: А каб твае дзеці вакол слупа ў паход хадзілі.
Цыганка: А каб цябе звяло і скруціла.
Дзед: А каб....... Каляды, эк Каляды!!!!!
( Усе разам спяваюць песню «Ой дзе ж мы ходзім, дзе похаджуем».)