Обзорная экскурсия по музею

  1. Гісторыя вёскі Вярэйкі

Першае ўпамінанне пра Вярэйкі датуецца 1789 годам. Напэўна ж, вёска ўзнікла значна раней. У “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” В.А. Жучкевіч згадвае пра паходжанне назвы вёскі. У аснове гэтай назвы ляжыць састарэлы тэрмін вярэя – слуп, вароты, дзвярны вушак. Вярэя – гэта такая прылада, якая дазваляе варотам адчыняцца ў два бакі. Магчыма, адным з першых жыхароў вёскі быў майстар, які зрабіў падобныя вароты.

      Ёсць яшчэ меркаванне, што назва паходзіць ад насыпаў на берагах ракі, якія рабілі для таго, каб вада ў час веснавой паводкі не залівала ваколіцу. Такія насыпы насілі назву “вярэя”.

      Яшчэ адно паданне гаворыць, што даўным даўно першыя жыхары вёскі былі шчырымі вернікамі. Яны штодзённа прыносілі Богу свае малітвы, спаўнялі рэлігійныя абрады. Строга захоўвалі пост і святочныя дні. Набожнасць, сціпласць,  бязмежная адданасць Богу і пакланенне яму з’яўляліся  неад’емнымі рысамі характару гэтых людзей. Іх вёску ўсё навокалле называла   пасяленнем вернікаў або “вярэйкамі”.

      Заслугоўвае ўвагі легенда: быццам назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Верацейка, на берагах якой узніклі Вярэйкі.

       Вось якое паданне пра паходжанне назвы ракі захавалася да нашых дзён. Гэта было так даўно, што ніхто цяпер не памятае тых далёкіх часоў. Сярод вялізных лясных абшараў тулілася невялікая вёсачка. Побач раскінуліся камяністыя палі, цяністы лес. Тут працякала паўнаводная рэчка. Яе берагі пакрыліся высокімі вольхамі, лазовымі кустамі, зараснікам парэчак і тонкаю шапатліваю трасцінаю.

      Правы бераг рэчкі быў нізкі, балоцісты, парослы рэдкаю асакой. Левы – вышэйшы. Вясною ён, нібы дываном, пакрываўся густою шаўкавістаю траваю, дзе усё, як жывое цвіло, гудзела, дыхала.

      Рэчка ўвесь час рабіла звіліны. Плыткія мясціны межавалі з глыбокімі сінімі вірамі. Гэта былі улюблёныя месцы адпачынку вяскоўцаў. Сюды прыходзілі і малыя, і старыя, і маладыя дзяўчаты з хлопцамі.

      У той вёсцы жылі хлопец Цей і прыгажуня дзяўчына. Моцна кахалі яны адзін аднаго. Разам бавілі вольны час. Здавалася, што шчаслівейшых людзей не было на цэлым свеце. Але вось нечакана здарылася бяда. Аднаго разу ў спякотны летні дзень Цей, змораны гарачынёй, захацеў акунуцца ў халоднай вадзе. Шыракаплечы, высокі, стройны, з блакітнымі вачыма і доўгімі светлымі валасамі, ён нагадваў сабой асілка з народных паданняў. Дзяўчына з любоўю глядзела на хлопца. Цей з разбегу кінуўся ў воду. Раптам вір моцна закруціў яго цела і навекі схаваў у сваіх цёмных водах. На ўсю моц закрычала дзяўчына, слёзы засланілі белы свет. Пахаладзела ў грудзях. Сэрца скамянела. Доўга клікала свайго каханага, чакала яго. Пачало змяркацца. На небе з’явіліся першыя зоркі. Дзяўчына павольна, не разбіраючы дарогі, вярнулася дахаты. Назаўтра зноў прыйшла сюды, але дарэмна. Так і прайшло жыццё ў вечным чаканні. Дзяўчына верыла, што яе шчасце вернецца і яна будзе зноў побач з Цеем. Цей вернецца,ён не можа не вярнуцца! А рэчку з таго часу пачалі называць Верацейка. Вера ў вяртанне Цея, вера ў каханне і шчасце.

      А наогул, кім і калі заснавана вёска – дакладна невядома. Можа дзе і захаваліся аб гэтым дакументы, але нам яны пакуль невядомы. Большасць звестак пра Вярэйкі засноўваецца на ўспамінах мясцовых жыхароў, якія перадаюцца ад аднаго пакалення да другога.

  1. Ветэраны Вярэйкаўскага сельскага савета.

Дадзеная экспазіцыя расказвае нам аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны Вярэйкаўскага сельскага савета. Тут сабраны дзясяткі медалёў, узнагарод, грамат і дакументаў ваенных часоў, размешчаны фотаздымкі ветэранаў.

 На вялікі жаль,  на тэрыторыі нашага сельскага савета не засталося ніводнага ветэрана.

Наша вёска Вярэйкі была вызвалена ад нямецка – фашысцскіх захопнікаў у нядзелю, 16 ліпеня 1944 года, па палудні, калі ў вёску ўвайшлі байцы 2-га Беларускага фронту (камандуючы генерал-палкоўнік Г.Ф.Захараў). У баях пры вызваленні нашай вёскі загінуў сяржант Пятроў Фёдар Фёдаравіч, які праславіў сваё імя подзвігам. На ўзгорку, дзе калісьці была панская сядзіба Біспінгаў, аказалася група фашыстаў. З мэтай спыніць наступленне нашых войск вораг узарваў невялікі мост праз раку Ваўпянку і прастрэльваў усю мясцовасць. На некаторы час перастрэлка заціхла. У гэты час ад узарванага маста бег савецкі салдат, выклікаючы агонь на сябе. Імгненна з сядзібы застрачыў кулямёт і салдат загінуў. У гэты час савецкія аўтаматчыкі абышлі ўзвышша з тылу і знішчылі фашыстаў. Пасля боя жыхары вёскі Цярэшкі пахавалі салдата ў лесе. Амаль 20 гадоў пахаванне героя лічылася безыменным. Вучні Вярэйкаўскай школы-інтэрната ўзялі шэфства над магілай невядомага салдата і вырашылі ўстанавіць яго імя. У 1967 годзе прыйшоў адказ з архіва міністэрства абароны Саюза ССР, у якім былі звесткі пра пахаванне сяржанта Пятрова, які загінуў пры вызваленні вёскі. Таксама было ўстаноўлена, што жывыя яго маці, жонка і дзеці.

9 мая 1969 г. было здзейснена перазахаванне астанкаў Пятрова Ф.Ф. На перазахаванне прыязджалі родныя салдата – сын і дачка.  Магіла Пятрова знаходзіцца каля СДК ля помніка загінуўшым у гады вайны аднавяскоўцам.

Дадзены раздзел экспазіцыі прысвечаны былому дырэктару нашай школы Качану Івану Сідаравічу. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Сідаравіч стаў студэнтам БДУ. У перыяд вайны быў радавым у партызанскім атрадзе імя Панамарэнка 2-й Мінскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай вобласці. Удзельнічаў у выкананні баявых заданняў, у падрыве 2-х варожых эшалонаў. Пасля вызвалення Беларусі з ліпеня 1944 па кастрычнік 1945 гг. знаходзіўся ў дзеючых часцях арміі, службу праходзіў у Ваўкавыску. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з ворагам, Качан Іван Сідаравіч Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам Айчыннай вайны  ІІ ступені. Іван Сідаравіч працаваў дырэктарам нашай Вярэйкаўскай сярэдняй школы ў 1970 – 1977 гг., з 1977 па 1986 гг. працаваў настаўнікам гісторыі. Узнагароджаны знакам “Выдатнік народнай асветы”, а таксама   медалямі “За трудовое отличие”, “За доблестный труд”. Памёр Іван Сідаравіч 25 лістапада 1994 года. Пахаваны ў вёсцы Вярэйкі.

Адзін з раздзелаў прысвечаны Васілію Дзмітрыевічу і Ніне Ільінічне Зайцавым. Васілій Дзмітрыевіч Зайцаў прайшоў усю вайну і вярнуўся дамоў з узнагародамі. Нарадзіўся ветэран у вялікай сялянскай сям’і ў 1924 г. у сяле Крупава Лебядзянскага раёна Ліпецкай вобласці. У 1939 г. выехаў у Маскву, дзе вучыўся і працаваў. Праз два тыдні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны 17- гадовага хлопца, разам з другімі камсамольцамі адправілі на будаўніцтва абарончых умацаванняў каля Бранска. У пачатку 1942 г. Васілій Зайцаў быў накіраваны на адзін з участкаў  Калінінградскага фронту ў 145 артылерыйскі полк.

Пасля цяжкага ранення Васілій Дзмітрыевіч трапіў у шпіталь. Потым асвоіў мінна-сапёрную справу і з чэрвеня 1942 г. удзельнічаў у аперацыях пад Ржэвам і па размініраванні вызваленых тэрыторый.

Летам 1943 г. яго ваенная часць перабазіравалася пад Арол, Васілій Дзмітрыевіч у гэты час ужо камандаваў мінна-сапёрным аддзелам, якому было дадзена заданне размініраваць падыходы да аэрадромаў.

Наперадзе на дарогах Беларусі, Польшчы і Германіі яшчэ доўгія месяцы Васілію Дзмітрыевічу і яго таварышам прыходзілася абясшкоджваць міны, фугасы. За свае баявыя заслугі ў Васілія Дзмітрыевіча шмат узнагарод. Самая дарагая – Ордэн Айчыннай вайны І ступені, медаль Жукава, медаль “За адвагу”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За перамогу над Германіяй”.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны па волі лёсу Васілій Дзмітрыевіч апынуўся ў Беларусі, дзе ён сустрэў цудоўную дзяўчыну Ніну Хомка. Хутка яны ажаніліся. У 1950 г. В.Д.Зайцаў быў выбраны старшынёй Рэплеўскага сельскага савета. З 1971 па 1973 год працаваў упраўляючым аддзялення “Вярэйкі”. За працоўныя дасягненні Васілій Дзмітрыевіч узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Зайцава Ніна Ільінічна.

Нарадзілася Ніна Ільінічна 1 ліпеня 1929 года ў вёсцы Дубляны Мастоўскага раёна. Сям’я была вялікая – сямёра
дзяцей. Пастаянна прыходзілася працаваць, дапамагаць па
гаспадарцы. “Маё дзяцінства,- успамінае Ніна Ільінічна,-
прайшло ў старожцы. Жылі мы небагата, але мама пастаянна
знаходзіла прадукты, каб прыгатаваць што-небудзь смачнае. Я часта даглядала сваіх малодшых сясцёр і братоў, вучылася як весці хатнюю гаспадарку”.

У 1935 годзе яна пайшла ў першы клас Гудзевіцкай школы. Да Вялікай Айчыннай вайны Ніна Ільінічна скончыла чатыры  класы. Магчымасці вучыцца далей не было: трэба было шмат працаваць і дапамагаць маці. У гады Вялікай Айчыннай вайны яна выратавала сцяг піянерскай дружыны сваёй школы. Рызыкуючы жыццём усёй сям’і, Ніна Ільінічна схавала яго на гарышчы сваёй хаты. 7 лістапада 1944 года яна перадала выратаваны сцяг школьнай дружыне, і ўсе вучні, настаўнікі пайшлі  з ім на дэманстрацыю. У чэрвені 1945 года сцяг быў перададзены ў Гродзенскі музей. За гэты ўчынак  Ніна Ільінічна была ўдастоена  медаля “За адвагу”, які яна насіла з гонарам.

У 1946 годзе Ніна Хомка паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча. У 1947 г. выйшла замуж. У 1962годзе пераехалі ў Вярэйкі. Тры гады працавала ў Вярэйкаўскай школе-інтэрнаце выхавальніцай, затым – старшынёй сельсавета, а потым у Вярэйкаўскай сярэдняй школе настаўніцай абслугоўваючай працы.

Да баявой узнагароды дабавіліся: медаль “За доблесную працу ў азнаменаванне100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, “За працоўныя дасягненні”, а таксама 15 ганаровых грамат за выхаваўчую работу. Ніна Ільінічна з’яўлялася байцом “Батальёна беларускіх арлянят”. З  выратаваным сцягам янасустракалася не толькі ў музеі, з ім была на першым злёце важатых у Мінску ў 1971 годзе. У 1972 годзе была ўдзельнікам юбілейнага піянерскага злёту ў Маскве і з гонарам пранесла сцяг па Чырвонай плошчы. У 1974 годзе – на  злёце арлянят у Мінску, а ў 1987 годзе сцяг зрабіў падарожжа ў Артэк. 

  1. Афганістан – наш боль

Дадзены раздзел экспазіцыі прысвечаны воінам – афганцам. На стэндзе фотаздымкі і звесткі пра выпускнікоў нашай школы, які выконвалі воінскі інтэрнацыянальны доўг у Афганістане.

Плікус Ю.М. – выпускнік нашай школы, служыў у Афганістане з 1981 г., на машыне ЗІЛ  – 131 падвозіў боепрыпасы. Усяго здзейсніў 9 рэйдаў. За час службы ў Афганістане Юрый Міхайлавіч быў узнагароджаны медалём “Благодарность от афганского народа», «Воину – интернационалисту», мае юбілейныя ўзнагароды: “70 лет Вооружённым силам СССР”, “10 лет вывода войск из Афганистана”. У 1982 годзе вярнуўся на сваю радзіму, у вёску Вярэйкі. Зараз працуе шафёрам ў РСКУП “Ваўкавыскае”.

Анікіенка А.І. У 1982 годзе добраахвотнікам пайшоў служыць у Афганістан. Быў разведчыкам, удзельнічаў у шэрагу разведвальных і баявых аперацый. Узнагароджаны медалём “За адвагу”, «Воину – интернационалисту», “10 лет вывода войск из Афганистана” і інш.

Хітры Ю.С. – выпускнік нашай школы, служыў у Афганістане з 1986 года, быў стралком, удзельнічаў у шэрагу баявых аперацый.

Ясюкевіч Іван Тадэвушавіч. У 1974 г. Іван скончыў Вярэйкаўскую сярэднюю школу і Ваўкавыскім РВК быў накіраваны ў Хмяльніцкае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, якое скончыў з адзнакай у 1978 г. Старшы лейтэнанат, камандзір узвода. І.Т.Ясюкевіч загінуў 2 лютага 1982 года пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў раёне вёскі Гарысохт. Пахаваны ў г. Слоніме.

2 лютага 1982г. ў 15 гадзін па мясцоваму часу рэзервовую групу батальёна паднялі па трывозе – у раёне населенага пункта Гарысохт мяцежнікі абстралялі аўтакалону. Старшы лейтэнант. І.Т. Ясюкевіч з двума разлікамі мінамётаў выехаў у складзе рэзервовай групы. Калі прайшлі Гарысохт, групу абстралялі з засады. Бронетранспарцёры пачалі бой, на дапамогу ім прыйшлі мінамётчыкі і артылерыя. Агонь артылерыі вельмі перашкаджаў мяцежнікам, і яны зрабілі спробу падавіць яго. Не вытрымаўшы шчыльнага агню, двое нашых салдат кінуліся да бронетранспарцёраў, каб схавацца. Пры гэтым яны павінны былі пераскочыць адкрытае месца, якое прастрэльвалася душманамі. Іван Тадэвушавіч бачыў гэта і добра разумеў, што хлопцы могуць загінуць. Ён кінуўся ім насустрач, паспеў крыкнуць, каб яны лажыліся на зямлю, і ў гэты момант сам быў забіты.

Імя І.Т.Ясюкевіча носіць пярвічная арганізацыя БРСМ нашай школы.

  1. Этнаграфічная хатка.

Запрашаем вас у беларускую хату, якой яна была прыкладна стагоддзе назад.

Важнае месца ў кожнай хаце займала печ: яна і накорміць, абагрэе ў доўгія зімовыя вечары, палечыць хворага гаспадара. На печы спалі, захоўвалі рэчы, сушылі збожжа, цыбулю, часнык. Узімку каля яе трымалі птушку і маладых жывёл. У печы ўтульна размясціліся чыгункі са смачнай кашай, патэльня з румянымі дранікамі.

Ля печы стаялі ўхваты і вілы. Яны служылі для падхвату гаршкоў,чыгункоў. Акрамя бытавога значэння, ухваты карысталіся і ў  абрадавых дзеяннях.

Качарга, або клюка - прыстасаванне для размешвання вуглёў у печы. Яна гэтак жа выкарыстоўвалася ў абрадавых дзеяннях. Качаргу выкарыстоўвалі для абвядзення магічнага круга, унутры якога лічылі сябе абароненымі ад нячыстай сілы. Яе клалі на парог перш чам выгнаць кароў у поле на Ю’реў дзень, каб каровы не хварэлі і давалі шмат малака.

Пасярэдзіне хаты, бліжэй да акна, стаяў стол. Заўсёды дужа белы, бо яго часта скрэблі нажом. Стол і лаўкі часцей за ўсё былі з тоўстых дубовых дошак. Стол засцілалі даматканым белым ільняным абрусам.

З вялікай пашанай беларускі гаспадар ставіўся да хлеба. Яму-самае пачэснае месца на стале, на вышытым рушніку.

У нашай беларускай хаце прадстаўлены святочны жаночы строй. Ён складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха і гарсэта.

Беларускі ўбор абавязкова аздабляўся вышыўкай.

Упрыгожвалі хату тканыя посцілкі, дываны, налаўнікі.

І вядома ж рушнікі. На іх звычайна пераважаюць вясёлкавыя колеры: жоўты, чырвоны, сіні, блакітны, зялёны, а таксама чорны і іншыя колеры. Рушнік суправаджаў беларуса на працягу усяго жыцця: на белы ручнік бабка – павітуха прымала немаўлятка, дарылі ручнік на хрысціны. Хлебам – соллю віталі гасцей і саджалі іх на покуце над абразамі, абвешанымі ручніком. Маладыя ў час вяселля станавіліся на ручнік, бо існавала павер’е: “На ручнік стаць – век адзін аднаго кахаць”. Праводзячы ў войска, маці дарыла сыну ручнік, як сімвал роднай хаты, вышыты яе пяшчотнымі рукамі.

Таксама мы бачым дзіцячую калыску. Немаўлятку было вельмі ўтульна, цёпла на мяккім сенніку, вышытай подушцы, на ільняных прасцінках.

У нашым музеі прадстаўлены драўляны чамадан-куфар для захавання і перавозкі рэчаў гаспадара.

  1. Прадметы хатняга ўжытку

У дадзенай экспазіцыі прадстаўлены хатнія і гаспадарчыя рэчы.

На верхніх паліцах мы бачым прасы або жалязкі,якія разаграваліся вуголлем. Яны патрэбны былі для таго каб разгладзіць тканіну, або адзенне.

Шмат прыладаў працы былі неабходныя для апацоўкі зерня, мукі, выпечкі хлеба.

Серп, жаночая прылада працы для ўборкі збожжавых культур.

Цэп, прасцейшая драўляная прылада, з дапамогай якой вымалочвалі каласы.

Каменныя жоны для расцірання зерня.

Абавязкова ў кожнай сялянскай хаце была дзяжа. Яшчэ яе называлі хлебніца. Гэта пасудзіна для заквашвання цеста. У хаце з вялікай пашанай ставіліся да дзяжы.

 Тут прадстаўлены маслабойкі. Гэта бандарны выраб, пасудзіна для збівання масла.

Перад вамі пральная дошка, якая аблягчала працу гаспадыні.

Далей у дадзенай экспазіцыі мы бачым прадметы ткацтва, неад’емнага рамяства беларусаў. У цэнтры экспазіцыі церніца, шчоткі для часання ільну.

Вы бачыце калаўрод-ляжак і калаўрод-стаяк, прылада для механізаванага прадзення ільну і воўны ў хатніх умовах.

Гэта матавіла – прылада для змотвання і размотвання пражы.

У экспазіцыі прадстаўлены чаўнакі для пракідвання ніткі ў працэсе ткацтва.

Сукала выкарыстоўвалася для намотвання нітак.

Нажніцы для стрыжкі авец. Капылы, якія уяўлялі сабой кавалак дрэва ў форме ступні на якім рабілі абутак . У бакавых нішах прадстаўлены газоўкі, а ў цэнтральнай нішы вагі,  якім ужо болей як 100 гадоў.

На выставе ганчарных вырабаў прадстаўлены разныя віды збанкоў, гарлачоў, якія служылі для захавання малака і розных вадкіх прадуктаў.

Дзіўны экспанат – гляк, для захавання алею, квасу, вады, Ён закрываўся, меў корак.

  1. Пляценне з саломы і лазы.

Раздзел прадстаўлены рознымі вырабамі, сплеценымі з лазы, лубу, саломы. Тут і кашы, і лазовая карзіна, лазовы куфар. Саламяныя карабы – выкарыстоўваліся для захавання збожжа. Кошыкамі нашы продкі пачалі карыстацца з даўніх часоў. Назначэнне іх рознае.. Кашы маглі быць любой формы: авальнай, квадратнай, прамавугольнай. З кошыкамі хадзілі ў лес у грыбы ці па ягады. Кашы з покрыўкамі служылі для захавання каўбас. Іх падвешвалі на гарышчы, куды з сенцаў вяла лесвіца.

Самым цікавым экспанатам, напэўна, з’яўляецца вярэнька, зробленая з лубу. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны, для захавання дробных рэчаў – гузікаў, іголак, шпулек з ніткамі.

  1. Настаўнікі нашай школы

У дадзеным раздзеле экспазіцыі расказваецца аб гісторыі стварэння нашай школы і настаўніках, якія ў ёй працавалі.

    Стары будынак Вярэйкаўскай школы быў пабудаваны ў верасні 1939 года. Але дзейнасць школы была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. Пяць гадоў школа маўчала, і толькі  ў 1944 годзе, пасля вызвалення нашага  краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яна зноў зазвінела дзіцячымі галасамі. А ў 1948 годзе школа дала свой першы выпуск за курс сямігадовай школы. У 1952 годзе школа набыла статус сярэдняй .

Гэты будынак захаваўся да нашых дзён.

У 1964 годзе была пабудавана наша сучасная школа. На дадзеным фотаздымку можна бачыць як адбывалася будаўніцтва.

Вось тут Вы можаце бачыць усіх дырэктароў, якія працавалі ў нашай школе і настаўнікаў.

У нішах размешчаны ўзнагароды нашых настаўнікаў і дакументы, якія сведчаць аб адукацыі нашых землякоў у першай палове 20 стагоддзя.