Память через века
Удалечы ад шуму гарадоў
Па берагах рачулкі Верацейкі,
Вясною ў пышнай квецені садоў,
Раскінуліся родныя Вярэйкі.
Так з любоўю аб сваёй роднай вёсцы напісаў наш мясцовы паэт Віктар Георгіевіч Курловіч.
Першыя ўспаміны аб вёсцы датуюцца 1796 годам. Але з’явіліся Вярэйкі значна раней дзесці на мяжы 16 – 17 стагоддзяў. Якраз у гэты час праз Ваўкавыск у Гародню праходзіў славуты каралеўскі шлях, які злучаў Карону Польскую з Вялікім Княствам Літоўскім. Вёска мае сваё далёкае мінулае, якое, магчыма, дало ёй назву. Існуе шмат версій наконт паходжання назвы вёскі, якія людзі данеслі да нас, сучаснікаў.
У “Кароткім тапанімічным слоўніку Беларусі” Жучкевіч згадвае пра паходжанне назвы вёскі. У аснове гэтай назвы ляжыць састарэлы тэрмін вярэя – слуп, вароты, дзвярны вушак. Вярэя – гэта такая прылада, якая дазваляе варотам адчыняцца ў два бакі. Магчыма, адным з першых жыхароў вёскі быў майстар, які зрабіў падобныя вароты. Такім чынам, назва вёскі пайшла ад варот, якія адчыняліся ў абодва бакі і насілі назву “Вярэі”.
Ёсць іншыя меркаванні на конт паходжання назвы вёскі. Можа быць і так, што назва паходзіць ад насыпаў на берагах ракі, якія насыпаліся для того, каб вада ў час веснавой паводкі не залівала ваколіцу. Такія насыпы насілі назву “вярэя”.
У другім меркаванні гаворыцца пра тое, што першыя жыхары вёскі былі шчырымі вернікамі. Яны штодзённа прыносілі Богу свае малітвы, спаўнялі рэлігійныя абрады, строга захоўвалі пост і святочныя дні. Набожнсць, сціпласць, бязмежная адданасць Богу і пакланенне яму з’яўляліся неад’емнымі рысамі характару гэтых людзей. Іх вёску ўсё навокалле называла пасяленнем вернікаў або “вярэйкамі”.
А магчыма назва вёскі паходзіць ад назвы ракі Верацейка на берагах якой і ўзніклі Вярэйкі.
А вось пра паходжанне назвы ракі захавалася паданне. Гэта было так даўно, што ніхто зараз не памятае тых далёкіх часоў. Сярод вялізных лясных абшараў тулілася невялікая вёсачка. Побач раскінуліся камяністыя палі, цяністы лес. Тут працякала паўнаводная рэчка. Яе берагі пакрыліся высокімі вольхамі, лазовымі кустамі, зараснікамі парэчак і тонкаю шапатліваю трасцінаю.
Правы бераг рэчкі быў нізкі, балоцісты, паросшы асакою, левы - вышэйшы. Вясною ён, нібы дываном, пакрываўся густою шаўкавістаю травою, дзе ўсё, як жывое, цвіло, гудзела, дыхала.
Рэчка ўвесь час рабіла звіліны, утвараючы лучкі. Плыткія мясціны межаваліся з глыбокімі сінімі вірамі. Гэта былі ўлюблёныя месцы адпачынку вяскоўцаў. Сюды прыходзілі і малыя і старыя, маладыя дзяўчаты і хлопцы. У той вёсцы жылі хлопец Цей і прыгажая дзяўчына. Моцна кахалі яны адзін аднаго. Разам бавілі вольны час на рэчцы. Здаецца, шчаслівейшых людзей не было на цэлым свеце.
Ала вось нечакана здарылася бяда. А яна заўсёды прыходзіць нечакана. Аднаго разу ў спякотны дзень Цей, змораны гарачыней, захацеў акунуцца ў халоднай вадзе. Шыракаплечы, высокі, стройны, з вялікімі блакітнымі вачамі і доўгімі светлымі валасамі, ён нагадваў сабою асілка з народных паданняў. Дзяўчына з любасцю глядзела на Цея. Хлопец з разбегу кінуўся ў ваду. Раптам вір моцна закруціў яго цела і навекі схаваў ў сваіх цёмных водах. На ўсю моц закрычала дзяучына, слёзы засланялі белы свет. Пахаладзела ў грудзях, сэрца скамянела. Доўга клікала свайго каханага, чакала яго.
Пачало змяркацца. На небе з’явіліся першыя зоркі. Дзяўчына павольна, не разбіраючы дарогі, вярнулася дахаты. Назаўтра зноў прыйшла сюды, але дарэмна і толькі цемная-сіняя вада напамінала дзяўчыне аб яе вясёлым неўрымслівым Цеі.
Так прайшло жыццё ў вечным каханні. Дзяўчына верыла, што яе шчасце вернецца. І яна зноў будзе побач з Цеем. Яе Цей вернецца, ён не можа не вярнуцца! А рэчку з таго часу людзі сталі называць Верацейкай, Вера ў вяртанне Цея, вера ў каханне і шчасце.
А наогул, кім і калі заснавана вёска – невядома. Можа дзе і захаваліся дакументы, але нам яны пакуль невядомыя. Усё запісанае засноўваецца па паведамленнях мясцовых жыхароў, якія перадаюцца ад аднаго пакалення да другога.
Помнік Аляксандру Толь Светчыну
Самым старым помнікам у нашай вёсцы з’яўляецца помнік пану Аляксандру Толь Светчыну, які ў 1806 годзе ажаніўся з даской Тэадоры Біспінг Аляксандрай і разам з жонкай валодаў маёнткам Вярэйкі. На сродкі Светчыных быў пабудаваны мураваны касцёл і праваслаўная капліца ў Дзявяткаўцах, якая пазней стала Аляксандра-Неўскай царквой.
У 1838 годзе Сведчына не стала.Удзячная яму жонка паставіла помнік за 200 метраў на захад ад касцёла. Помнік захаваўся да нашых дзён, як памяць тых далёкіх часоў. На помніку мы можам прачытаць гады жыцця Светчына – 1774-1738 гады, што ён паходзіць са слаўнага расійскага роду, быў шанаваны сваёй сям’ёй і ўсімі жыхарамі яго маёнтка, служыў на карысць сваёй радзіме. Па загадзе жонкі Аляксандры Біспінг на помніку выбілі надпіс “Памяць справядлівая пройдзе праз стагоддзі, а збавіць нас вера з добрымі ўчынкамі".
Касцёл святой Марыі Панны ў Вярэйках
Усё жыццё чалавека ад нараджэння да смерці было звязана з касцёлам. Тут хрысцілі дзяцей, бралі шлюб, праводзілі нябожчыка ў апошні шлях. Ніхто не ведаў іншай улады акрамя касцёла. Аб усіх зменах у жыцці чалавека мясцовым ўладам паведамляў ксёндз, а тыя рабілі на аснове гэтага адпаведныя запісы.
Складаныя часы для насельніцтва наступілі пасля заканчэння вайны 1812 г. У гэты час набірае моц русіфікацыя. Вернікаў рымска-каталіцкай царквы пачалі заганяць у праваслаўе. Людзей пад прымусам везлі ў царкву. Але не ўсе сталі праваслаўнымі. Некаторыя праявілі цвёрдасць: не жадалі адракацца сваёй веры і ісці ў царкву. У Вярэйках склалася нейкая рэлігійная цярпімасць. Па меркаванні ваўкавыскага краязнаўцы В. Карпызы, Аляксандра ўгаварыла мужа выпрасіць у расійскіх улад дазвол пабудаваць у Вярэйках касцёл.Улады разам з дазволам паставілі ўмову, каб адначасова з касцёлам была пабудавана і праваслаўная царква ў Кузьмічах. Дазвол на будоўлю касцёла Светчыны атрымалі ў 1826 годзе згодна праекта, зробленага ў Санкт-Пецярбургу і ўхваленаму губернскімі ўладамі. Касцёл пачаў будавацца на месцы драўлянай капліцы, якую разабралі ў 1834 годзе, калі стала перашкаджаць будаўніцтву.
У 1838 годзе Аляксандра Светчына не стала. Маладая ўдава завяршыла будаўніцтва касцёла.
15 чэрвеня 1840 года пад назвай Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксёндз Казімір Контрым асвяціў Вярэйкаўскі касцёл, які ўтрымліваўся за кошт Аляксандры Светчынай. У касцельным склепе сталі хаваць целы памерлых католікаў з роду Біспінгаў.
13 лістапада 1853 года ў Варшаве памерла Аляксандра Светчына. 6 мая 1854 года астанкі яе са смутнай урачыстасцю пахавалі ў Вярэйках у склепе касцёла. Уладальнікам маёнтка Вярэйкі становіцца сын стрыечнага пляменніка сясцёр Біспінг Аляксандр Біспінг. Пасля падзей 1863 года царскія ўлады прымаюць рашэнне аб закрыцці касцёла і пераўтварэнні яго ў царкву. Католікі збіраліся па хатах або хадзілі да святыні ў Рэплю, Рось, Шылавічы, маліліся на мясцовых могілках у капліцы. І толькі ў 1921 годзе будынак храма зноў перадалі католікам.
Першым ксяндзом у адноўленым касцёле быў Альбін Горба. Для ксяндза пабудавалі побач з касцёлам дом (плябанію). Альбін Горба склаў запісы па гісторыі Вярэйкаўскага касцёла. На змену Горбу стаў ксёндз Цэрон, немец па нацыянальнасці. У 1950 годзе быў арыштаваны ксёндз Браніслаў Гранявіцкі, які ўзначальваў Вярэйкаўскую парафію. А хутка ў вернікаў адабралі і будынак касцёла, які ператварылі ў збожжасховішча. Каб нічога не напамінала аб святыні, знішчылі вежу з крыжамі. Прадметы касцельнага ўжытку вывезлі ў Рэплеўскі касцел. У плябаніі размясцілі бальніцу.
У 90-е гады XXст., калі зноў сталі адкрываецца касцёлы і цэрквы, у Вярэйках зацялася спрэчка паміж вернікамі за будынак храма. Справа дайшла да спынення гаспадарчых работ. Прыязджалі спецыяльныя камісіі, у тым ліку і Акадэміі навук Беларусі з Мінску. Культавы будынак быў перададзены католікам. На сродкі вернікаў будынак касцёла адрамантавалі, пабудавалі званніцу, закупілі звон.
Па сваёй архітэктуры касцёл зусім не падобны на царкву. Ён з’яўляецца помнікам класіцызму. Прамавугольны 1-нефавы аб’ем па баках фланкіраваны купальнымі 4-граннымі ратондамі. Галоўны фасад вырашаны 4-калонным порцікам. Пад будынкам размяшчаецца крыпта-пахавальня. Пры ўваходзе ў касцёл у нішах сцяны зроблены дзве скульптурныя выявы. Справа – біблейскі прарок Маісей з крыжалямі, на якіх запісаны боскія запаведзі, а злева – скульптура Святога Пятра з ключамі ад святыні.
Сядзіба Біспінгаў у вёсцы Вярэйкі
Сядзібны дом ў Вярэйках (па адной з існуючых версій наконт пабудовы) пабудаваны ў пачатку 19 ст. рускім панам Аляксандрам Толь Светчыным.
У 1921г. Заходняя Беларусь па Рыжскім міным дагаворы была перададзена Польшчы. Уладальнікам Вярэйкаўскага маёнтка стаў польскі пан Сядзецкі. Ён арэндаваў яго ў Біспінгаў. У 1929 г. арандаваў маёнтк пан Ядзальскі. Ён кіраваў маёнткам да 1939 г., пасля выехаў у Польшчу. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў сядібным доме знаходзілася нямецкая адміністрацыя. Пасля вайны будынак быў перабудаваны. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Будынак сядзібнага дома стаў выкарыстоўвацца пад інтэрнат для калгаснікаў. З 1967 г. да 2010 г. тут знаходзілася саўгасная кантора. З 2010 г. будынак не выкарыстоўваецца.
Сядзібны дом ў Вярэйках – помнік драўлянага дойлідства пачатку XIX ст. Архітэктурна – стылёвая трактоўка помніка мела пераходны характар ад барока да класіцызму. Рытм вертыкальна ашаляваных фасадаў стваралі прамавугольныя вокны. Аднапавярховы дом мае П- падобны ў абрысе адносна высокі падмурак: да бакоў фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. Сядзіба была накрыта невысокім вальмавым дахам. Цэнтральная частка фасада, мураваная і атынкаваная, вылучалася двухпавярховым рызалітам. На галоўным працяглым фасадзе размяшчаецца ганак. Верагодна, тыльная паркавая часка дома мела аналагічную трактоўку. Па стану 1939г. сядзіба мела двухрадную калідорную планіроўку. Першапачаткова сядзіба ўключала каля дзесяці памяшканняў, анфіладна размешчаных у два рады. Рызалітная частка дома з боку ўезда складалася з вялікай параднай залы. Па правы і левы бакі рызаліта па фронту змяшчаліся па два жылыя пакоі.
Сядзіба стаяла ў парку, да якога вяла шырокая каштанавая ўязная алея. За сядзібай раскінуўся пейзажны парк, высаджаны ліпай, дубам, елкай, клёнам, асінай, бярозай, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Парк невялікі, меў рысы рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі. На жаль многія пароды дрэў да нашага часу не захаваліся.
Помнікі, як і людзі, маюць сваю гісторыю. Яны будаваліся і захоўваліся, разбураліся і аднаўляліся. Чалавечае жыццё не бясконцае. Прадоўжыць яго можа толькі памяць, якая перамагае час. Наша памяць – гэта не проста здольнасць помніць, але і ўласцівасць душы і сэрца захоўваць памяць аб мінулым, берагчы тую танюсенькую нітачку, якая ідзе ад чалавека да чалавека, ад пакалення да пакалення.