Символика ручника
Ручнік
Сярод разнастайных прадметаў традыцыйнага арнаментальнага мастацтва беларусаў асаблівай увагі заслугоўвае ручнік. Цікавасць да гэтага прадмета абумоўлена не толькі прыгажосцю яго тканага, вышыванага або плеценага дэкору, але і цеснымі сувязямі з абрадавым жыццём народа, сімволікай шматлікіх функцый.
Знешні выгляд беларускага ручніка, тэхналагічныя прыёмы вырабу, матэрыял, арнамент, каларыт, нарэшце тэрміналогія значна вар’іравалася ў залежнасці ад рэгіянальных і часавых асаблівасцей, а таксама і ад прызначэння прадмета. Такія назвы, як “набожнік”, “абразны ручнік”, “ручнік-накутнік”, выразна сведчылі пра ужыванне ручніка ў якасці штодзённага і святочнага аздаблення інтэр’еру хаты. Так, мы бачым ручнікі, што упрыгожваюць хатнія абразы, сямейныя фотаздымкі.
Але існуе і значная колькасць іншых назваў: “ручнік-абыдзеннік”, “ручнік для свата”, ручнік-выціральнік”, “платок” і інш. Ужо гэты пералік сведчыць аб тым, што ў мінулым прызначэнне ручніка не абмяжоўвалася толькі эстэтычнай функцыяй. Асабліва інтэнсіўна выкарыстоўваліся ручнікі ў вясельным і пахавальна-памінальных абрадах, а таксама ў абрадах звязаных з пэўнымі крызіснымі сітуацыямі – эпідэміяй, засухай, вайной.
Ручнікі розных раёнаў адрозніваюцца мясцовым каларытам, формаю і размяшчэннем узору, тэхнікай выканання.
Ручнік у памінальна – пахавальных звычаях.
Ручнік шырока ўжываўся ў жалобнай абраднасці. У народным усведамленні беларуса існавала цвёрдая перакананасць, што чалавек павінен сустрэць сваю смерць ва ўласнай хаце. Тут збяруцца ў сумную перадсмяротную гадзіну чалавека сваякі і блізкія, каб палегчыць яго апошнія пакуты. У родных сценах павінен адбыцца неабходны жалобны рытуал, які спрадвеку выконвалі продкі.
Адзін з такіх старажытных звычаяў – вывешванне з вокнаў ручнікоў. У Віцебскай губерні, напрыклад, калі цела нябожчыка ўжо ляжала на кутнім месцы, выбіраўся дзвярны касяк, а за акно, пры якім стаяла труна, вывешваўся ручнік: з аднаго боку – у знак жалобы, з другога – для “патрэб” нябожчыка, які часам, паводле павер’яў сялян, можа вярнуцца ў пакінуты ім дом. У Гомельскім павеце на акно ставілі шклянку з чыстай вадой і вешалі ручнік, каб душа нябожчыка мела магчымасць памыцца і чыстай з’явіцца на той свет. Шклянку з вадой і ручнік не прыбіралі да таго часу, пакуль не адбывалася пахаванне.
Калі чалавек паміраў, то адразу ў хаце спынялі гадзіннікі, захіналі ручнікамі або абрусамі ўсе бліскучыя прадметы, люстэркі.
Шырока распаўсюджаны па Беларусі і здаўна вядомы звычай апускаць труну ў магілу на доўгіх ручніках. А калі памірала малое дзіця, труну на магілкі неслі дзяўчаты і таксама на ручніках. Ручнік у пахавальным абрадзе быў там, дзе людзі хацелі падкрэсліць асабістыя адносіны да нябожчыка, яшчэ раз аддаць даніну пашаны, выказаць жаль, смутак і любоў да нябожчыка.
Напрыклад, калі памірала дзяўчына, яе апраналі ў вянчальны строй і давалі некалькі ручнікоў. Доўгі час на Беларусі існаваў звычай абіваць дамавіну двума – трыма ручнікамі, клалі на дно вышываны ручнік. Ручнікамі на Беларусі здаўна абвязвалі надмагільныя крыжы. Актыўна ўжываўся ручнік і ў памінальных абрадах – “дзядах”. Асабліва шырока адзначаліся на Беларусі змітраўскія “дзяды” (восеньскія), якія ўрачыста праходзілі ў хаце.
Напярэдадні восеньскіх памінак звычайна актыўна рыхтаваліся да ўшанавання памяці родкаў: бялілі сцены, мялі падлогу, старанна праціралі і завешвалі чыстымі ўзорыстымі ручнікамі абразы, каля бажніцы запальвалі свечку, стол пакрывалі белым абрусам. Напрыклад, у Магілёўскай губерні пасля вячэры на канец стала клалі ручнікі, кавалак мыла, ставілі кубак з вадой. Апроч таго, на стале пакідалі недаедзеную вячэру, поўную чарку. Усё гэта рабілася з поўнай верай у тое, што дзяды, якія прыйдуць уначы, будуць вячэраць, напярэдне памыўшыся вадой з мылам і абцёршыся чыстым ручніком.
Рытуалы з ручнікамі адрозніваюцца па форме, але іх аб’ядноўвае сутнасць самога абраду – ушанаванне продкаў, адчуванне непарушнай сувязі з імі, шчырая вера ў адзінства свету мёртвых і жывых.
Функцыі вясельнага ручніка
Паўсюль на беларусі ручнікі з’яўляліся важнай часткай пасагу, пра які клапаціліся загадзя, калі дзяўчыне было 14 – 15 гадоў, а то і з маленства. Колькасць ручнікоў, падрыхтаваная для пасагу, сведчыла пра матэрыяльнае становішча сям’і. Пэўную ролю адыгрывала працавітасць нявесты і майстэрства яе маці. Ручнікоў патрэбна было шмат: 5-10, а то і некалькі дзесяткаў. У час вяселля ручнікі выконвалі некалькі функцый. Адна з галоўных – функцыя дароў. Падрыхтаваныя ў якасці падарункаў, ручнікі мелі прэстыжнае значэнне, паколькі з’яўляліся лепшым доказам здольасці нявесты да хатняй работы, да рукадзелля. Ручнікі дарыліся ўсім родзічам жаніха, а пераважна мужчынам.
Абавязкова атрымлівалі ручнікі важнейшыя ўдзельнікі абраду – жаніх, яго бацька, сват і яго памочнік, дружына маладога, музыка і іншыя вясельныя чыны. Дарэнне ручнікоў заўседы абстаўлялася пэўнымі рытуаламі, песнямі.
Ручнік некалі мог з’яўляцца прыкметай і вясельнага ўбрання маладых. Ім апаясывалі жаніха, яго павязвалі на правую руку нявесты. На Брэстчыне быў вянчальны галаўны ўбор у выглядзе абруча, абгорнутага ручніком.
Магчыма, ручнік надзялялі нейкай магічнай сілай, якая быццам садзейнічала паспяховаму ходу вяселля.
Тыповым было ўжыванне ручніка ў якасці падножніка, на які станавілася маладая ў час вянчання. Адыходзячы з жаніхом ад аналоя, нявеста старалася цягнуць за сабой і ручнік. Гэта рабілася паводле павер’я, каб равесніцы маладой цягнуліся за ею, г. зн. выходзілі замуж. У Слонімскім павеце сват мыў рукі і браў з рук маладой ручнік перад дзяленнем каравая.
Прыезд маладых да дома жаніха суправаджаўся своеасаблівай выставай пасагу нявесты: ручнікоў, посцілак, абрусаў. Прыехаўшы да мужа, на другі дзень маладая мусіла павесіць свае ручнікі на абразы, а затым паднесці свякрусе падарунак. Затым яна вымятала ў хаце, тым самым паказваючы, што цяпер будзе дапамагаць па гаспадарцы.
Відавочна, што ручнік лічыўся некалі магічным прадметам. Нездарма ён фігурыруе ва ўсіх важнейшых момантах абраду. Ім маркіравалі не толькі людзей, але і ўсе тое, з чым сутыкаўся чалавек і ад чаго залежала будучае яго сям’і.