Свята “Багач”
Вядоўца. Шаноўныя госці! Сёння мы запрасілі вас на свята “Багач”. Гэта вялікае свята ў жыцці бела-рускай вёскі. Калісьці, калі жніво падыходзіла да канца, пакідалі нязжатую жменю жыта — дзедаву, ці божую, “бараду”, потым кусцік зажыналі, перавязвалі стужкай, гаварылі замову і ўрачыста, з песнямі і жартамі неслі дадому. Гэта і быў Багач. Яго заносілі ў двор тым, каму жадалі багацця і шчасця. Багач, згодна з павер’ем, забяспечваў ніву жытам і прыносіў у хату дастатак і шчасце.
Вучань. Да Багача звярталіся са словамі: “Багач! Багач! Не забывай нашай нівы!”. Менавіта ў гэты дзень, да ўзыходу сонца, гаспадар засяваў ніву жытам. Да азімай сяўбы прыступалі ўрачыста. У хаце ўсё мылася, чысцілася, варылі і пяклі шмат смачнага.
Вучанша. Адпраўляючыся на засеўкі, селянін апранаў белую кашулю, а вечарам спраўлялася ўра-чыстая вячэра. Чысціня ў хаце, святочнае адзенне сейбіта, дастатак на стале лічыліся абрадавымі эле-ментамі, што спрыяла поспеху ў працы, урадлівасці засеянай нівы.
(Выходзіць вучань, на галаве вянок з каласоў, у руках па пучку каласоў, ён увасабляе жытняе поле.)
Вучань. Гаварыла поле шырокае, жыта ядранае. Жнейкі, жнейкі мае маладыя, сярпы залатыя. Прыхо-дзьце да мяне заўтра рана, каб я недажатым не стаяла. Не хачу я ў полі стаяці, апошнімі каласамі махаці, а толькі хачу я ў полі стагамі, а ў гумне капамі.
(За сцэнай чуецца песня, выходзяць жнейкі, выконваюць песню “Расло жыта ,расло ў полі”. Словы і ноты для гэтай і ўсіх астатніх песень змешчаныя ў дадатку.)
1-я жнейка. Хлопцы, дзяўчаты, вы толькі пагля-дзіце, апошняя палоска жыта засталася!
2-я жнейка. Вось зараз дажнём і можна бараду завіваць, Багача рабіць ды свята спраўляць.
3-я жнейка. Ніўцы дзякаваць будзем за добры ўраджай.
4-я жнейка. Дзіма, шавяліся хутчэй, а то пад снапамі заснеш.
5-я жнейка. Нешта апошні час Света стала да Дзімы чапляцца.
6-я жнейка. Хто каго чубіць, той таго любіць.
7-я жнейка. Гляньце, чыя гэта ніўка жаўцее на ўзгорку?
8-я жнейка. Васілёва ніўка. Мусіць, ён яе збіраецца жаць, калі белыя мухі паляцяць.
(Выконваецца песня “Наша ніўка залатая”.)
9-я жнейка. Мы першыя дажынкі гуляць будзем!
10-я жнейка. Дык давайце паспяшаем бараду зажынаці ды дажыначны сноп вязаці.
(Жнейкі складаюць каласы ў адзін сноп, плятуць з каласоў вянок і спяваюць песню “Ой, у садочку цвіла лілея”.)
1-я жнейка. Каго багіняй выберам?
2-я жнейка. Давайце Свету!
(На галаву багіне ўскладаюць вянок, у рукі даюць сноп, абкружаюць яе ланцужком і спяваюць песню “Кружком, дзевачкі, кружком”.)
Багіня. Дык давайце ж гаспадару дажыначны сноп аднясём.
(Усе адпраўляюцца да гаспадара, спяваюць песню “Адчыняй, гаспадар, свой двор". Багіня ідзе першая.
Насустрач выходзяць гаспадары з хлебам-соллю. Багіня выступае наперад і, пакланіўшыся гаспадарам, кладзе да іх ног дажыначны сноп. Вянок перадаюць у рукі, прыгаворваючы.)
Багіня. Паздароў Божа, гаспадару! Прыняслі табе вянок з шырокага поля, з ядранага жыта.
3-я жнейка. Гаспадар свайго гаспадарства не страціць, нам за вянок заплаціць, хоць чырвоныя боты для нашай ахвоты — жыту на ўраджай, гаспадару на доўгі век.
4-я жнейка. Гаспадару вянок, а нам квасу збанок.
5-я жнейка.
Прынеслі вам плён
З чатырох старон.
Прынеслі вам збор
З-пад зялёных гор,
I з гары, з-пад гары на гаспадарскія двары,
З падвароў да каморы на ўсялякія зборы...
6-я жнейка. Гаспадынька, ну-тка! Завіхайся хутка, так, як мы завіхаліся каля ніўкі. Даставай квас з кілбасою.
Гаспадар. Праходзьце, сядайце, калі ласка!
(Гаспадынька ставіць на стол стравы, усе спя-ваюць песню “Ах, вы, столікі мае!”.)
Гаспадар. Паслухайце, калі ласка, я вам жарт распавяду.
— Зайшоў селянін да пана, а той якраз паеў і парожнюю міску перавярнуў.
Селянін і пытае:
- —Пане, а чаму вы як паелі, то перавярнулі міску?
- —Гэта значыць, што я наеўся.
- —Вось яно што! А я ўсё думаю, чаго гэта мая свіння як толькі паесць, дык і пераверне карыта.
7-я жнейка. Каб гаспадары і госці паразмялі свае косці, трэба танец паскакаць ды ў ладкі па-пляскаць.
(Выконваецца танец.)
8-я жнейка. Давайце яшчэ і песню добрую за-спяваем.
(Выконваецца песня “Кругом яра”.)
Гаспадар. Ці чулі вы, мае дарагія, легенду “Колькі жыць чалавеку”? Не? Дык слухайце.
Калісьці, у далёкім мінулым, кожны чалавек знаў, колькі яму гадоў жыць на свеце. Але адзін раз ішоў Бог па зямлі, зайшоў у адну вёску і бачыць, што нейкі чалавек робіць плот не з дрэва, а з саломы. Бог пагля-дзеў на яго і пытаецца:
- —Ты чаго, чалавеча, плот не з дрэва гародзіш, а з саламы?
- —Дык мне ж ужо мала гадоў жыць на свеце засталося, на мой век хопіць і такога.
Не спадабалася такая справа Богу, і вырашыў ён зрабіць так, каб людзі не ведалі, каму калі паміраць.
Гаспадыня. Нешта госцейкі засумавалі, можа б песню заспявалі, ці што?
(Выконваецца песня “Як на нашай ніўцы”.)
Вучань. Слухайце, жарт раскажу.
Хлапчук вёў на вяроўцы цяля, якое кідалася ваўсе бакі. А тут якраз ураднік праязджаў.
— Ты чаму перада мною шапкі не здымаеш, хам?! — закрычаў ён на хлапца.
— Калі ж мае рукі заняты, пане ўраднік! Злезьце з воза, патрымайце цяля, а я шапку зніму.
9-я жнейка. Хопіць ужо спяваць ды скакаць, па-ра і дадому збірацца.
10 жнейка. I сапраўды, пара, позна ўжо.
Вучаніца. Дзякуй гаспадарам за хлеб-соль.
Гаспадар. Дзякуй вам, мае дарагія, што нашу хату не абмінулі. Давайце ж на развітанне прыгожую пес-ню заспяваем.
(Усе спяваюць песню “Ой, паля”.)
Усе развітваюцца:
- —Будзь ваша здароў;
- —Заставайцеся з Богам;
- —Бывайце здаровы, жывіце багата;
- —Будзьце жывенькі, здаровенькі;
- —Здаровы бывайце і нас не забывайце;
- —Хадзіце здаровыя!