Серп. Зажинки
Серп
прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Вядомы з глыбокай старажытнасці (каменны, бронзавы). Да канца 19 ст. серп рабілі з жалеза, якое выплаўлялі ў руднях з мясцовай балотнай руды, рэжучую частку зазубрывалі. На Беларусі паўсюдна бытавалі сярпы паўкруглыя (сферычныя) і падоўжаныя (авальныя). З канца 19 ст. большасць сярпоў выраблялася на заводах, шмат іх прывозілі на Беларусь з Цвярской губерні. Мясцовыя кавалі таксама рабілі сярпы са старых кос. Перад жнівом сярпы зазубрывалі, тачылі іх рэжучую частку. Звычайна ў гаспадарцы кожная жняя мела свой серп. Захоўвалі іх да пачатку жніва ў сухім месцы (у гумнах, павецях, кладоўках, сенцах), пры гэтым рэжучую частку абкручвалі сухой анучай. Сярпом жалі яшчэ ў 1950-1960-х г. У наш час у калгасах і саўгасах збожжавыя культуры ўбіраюць камбайнам і інш. машынамі; сярпом нажынаюць першы ці апошні сноп (зажынкі, дажынкі).
Зажынкі, старадаўні земляробчы звычай, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. У зажынкавых абрадах і звычаях адлюстравана пашана селяніна да хлеба, своеасаблівы яго культ. У абрадзе першага снапа (“гаспадара”) бачны элементы анімістычнага светапогляду, земляробчай магіі, заклінання. Зажынкі уласцівы рэгіянальныя асаблівасці. Звычайна іх спраўлялі ў суботу вечарам. Перад тым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба і ставілі соль. Зажынальніцкай выбіралася жанчына “лёгкая на руку”, каб усё жніво прайшло спраўна. Часцей зажынала гаспадыня з дочкамі або нявесткамі, часам на ніву адпраўляліся адны дзяўчаты, бралі з сабою хлеб і свежы сыр. Зажынальніца віталася з нівай: “Добры дзень, ніўка, ядронае жыта!”. Потым зжынала некалькі сцяблін, скручвала перавясла і падпяразвалася ім, а першы сноп жыта ставіла са словамі “Стаўлю сноп на сто коп, на тысячу мерак”, клала пад яго хлеб і сыр. У першы выхад на ніву нажыналі невялікі сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці; зерне з яго пасля дамешвалі да насення. У дзень зажынкаў рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з нівы. За сталом спявалі зажынкавыя песні, у якіх чулася скарга збажыны на тое, што ёй надакучыла “ў полі стаяці, коласам махаці”, гучалі заклінальныя матывы на добры ўраджай. У некаторых вёсках спраўлаюць калгасныя зажынкі.