Этнографический домик
Запрашаем вас у “Этнаграфічную хатку”. Гэта макет хаты пачатку ХХ стагоддзя. Гэты макет напамінае нам аб далёкім мінулым, аб дзіцячых і юнацкіх гадах прабабуляў, прадзядуляў. Такія былі ўсе сялянскія хаты ў беларускіх вёсках. Сцены хат былі складзены з вялікіх бярвенняў. З цягам часу бярвёны псаваліся ад дажджу і снегу і старэлі: хата асядала, станавілася нізенькаю. Як гаворыцца: “урастала ў зямлю”. Вокны маленькія і давалі мала свету. Дах – страху – накрывалі заўсёды жытняй саломай. Яе накідвалі снапамі, шчыльна складвалі адзін сноп на другі.Пад такім дахам жылі сяляне шмат гадоў.Давайце заглянём у сярэдзіну саламянай хаты. Уявім сялянскае жыццё. Пакой, як бачыце, адзін. Тут сяляне елі і адпачывалі.
Віднае месца ў хаце займала вялікая печ. Яе складваў са звычайнай цэглы пячнік – самавучка. Гаспадыня бяліла печку мелам, а калі паяўлялася шчыліна ў печы, то замазвала глінай. Ад гэтага печ з цягам часу траціла свой першапачатковы выгляд. Печ варыла і смажыла, грэла і парыла. Але і дымілася раніцай так, што ва ўсіх вочы балелі. Зімой на печ забіраліся пагрэцца і дарослыя, і дзеці. У сялянскай сям’і рэдка было цёплае адзенне і абутак. Таму печ для сялянскай сям’і была адзінай выратавальніцай: на ёй спалі ноччу падкінуўшы пад галаву якія-небудзь лахманы. Тут на печцы зімовымі вечарамі пад гукі завірухі, бабулі і дзядулі расказвалі ўнукам чарадзейныя казкі.
2-гі экскурсавод : Палілі печ толькі раніцай, так як дровы даставаліся вельмі цяжка: іх трэба было купляць у панскім лесе. У такіх печах нашы бабулі і прабабулі самі выпякалі хлеб. У невялікай дзежцы ставілі рошчыну. У яе дабаўлялі варанай тоўчанай бульбы, каб хлеб быў мяккі і пульхны. Потым цеста ў дзяжы ставілі на цёплую печ на 1-2 гадзіны, каб яно падышло. І вось печ выпалена, з яе выграбаюць вуголле, попел вымятаюць мокрым венікам. Маці або бабуля абгладжвае рукамі, змочанымі ў вадзе круглыя боханы. Потым кладзе іх на драўляную лапату, засланую аерам або кляновымі лістамі. Нарэшце боханы ўсе ў печы, зачыняецца засланка, хлеб пячэцца. А каб хлеб не засох і не прыгарэў, гаспадыня наглядае за ім і нават калі-нікалі ліне ў печ з паўкубка вады. Надыходзіць урачысты момант: хлеб дастаюць з печы, кладуць на ільняныя ручнікі, зверху змочваюць вадой і пакрываюць ручнікамі.
А па хаце плыве прыемны пах свежага хлеба, пах працы хлебаробаў, якія кармілі і цяпер кормяць нас, якім мы павінны аддаваць нізкі паклон. Вельмі смачны хлеб, ды яшчэ з маслам. Вось перад Вамі бойка, у якой білі масла.
3-ці экскурсавод: Ля прыпечка “танцавала” гаспадыня, з раніцы ставіла ў печы саганы. Варыла полудзень на ўвесь доўгі працоўны дзень.
У прыпечак гаспадыня ставіла вымыты посуд. У падпечак на зіму заганялі курэй, таму што хлявы былі халоднымі. Ля печы на драцяным кручку звычайна вісела вядро з вадой, у куце (інакш – качарэжніку вы бачыце качаргу, чапялу і вілы для саганоў). Усё гэта павінна было быць пад рукой у гаспадыні, калі яна паліла у печы, варыла полудзень ці вячэру.
У “чырвоным куце” – самай светлай частцы хаты стаяў стол. Тут сялянская сям’я палуднавала, вяла гутаркі з суседзямі, калі тыя заглядвалі на агеньчык лучыны. На покуці у кожнай хаце всеў абраз. Набожныя сяляне ніколі не сядалі есці не перахрысціўшыся, не падзякаваўшы Богу за тое, што і на гэты раз не пакінуў іх без яды. Хоць і была гэта яда вельмі мізэрнай і аднолькавай: малочная зацірка з мукі, якую сяляне малолі на жорнах, печаная бульба, “посная капуста”. Мяса ў сям’і бачылі рэдка, толькі на вялікія святы (каляды, вялікдзень). Хлеба і таго не хапала, асабліва ў галодныя неўрадлівыя гады.
4-ты экскурсавод: Галеча навучыла сялян расцягваць невялікія запасы мукі на цэлы год, але хлеб пяклі ўжо з прымессю траў (лебяды або патоўчанай у парашок дравеснай кары). Чалавек, упершыню ўбачыўшы такі хлеб, прыняў бы яго хутчэй за камяк гразі, чым за люскую яду.
Была сялянская сям’я вялікая (8-12 чалавек) і дружная. Першым за стол звычайна сядаў гаспадар-кармілец. Яго месца было самым ганаровым – пад абразамі: каля яго сядалі сыны – памочнікі бацькі ў яго цяжкай сялянскай рабоце. Гаспадыня сядала збоку: ёй прыходзілася уставаць, абслугоўваць за полуднем сваё сямейства. Дапамагалі ёй у гэтым звычайна дочкі або нявесты. Елі сяляне драўлянымі лыжкамі з гліняных місак, пілі малако са збаноў. Вось гэта вы ўсё бачыце. Акрамя вялікага стала, за якім сям’я ела, стаялі ўздоўж сцен доўгія драўляныя лавы. На якіх сядалі сабіраючыся па вечарах жонкі і дзяўчаты з кудзелямі.
Пры свеце лучыны, з песнямі і жартамі, загадкамі, казкамі, прымаўкамі пралі ніткі. Гаспадыня таксама сядала прасці. Гэта было для яе адпачынкам. Нястомная працаўніца, на якой увесь дом стаяў. Хто як не яна, у печы глядзіць, каб капуста не пайшла цераз край, і настольнік на стол кладзе, калі госці ў дом прыйшлі. Нараджаліся дзеткі…
У хатах падвешвалі люлькі, ці ставіліся калыскі. Прыдумваліся песні-калыханкі. Як бы ні была занята працай матуля, але не было таго дзіцяняткі, якому б яна не праспявала:
Баю, баю, баю,
Не лажыся з краю,
Прыйдзе шэранькі ваўчок
І ўкусіць за бачок.
Калыска падвешвалася пад столь каля ложка, на якім спалі гаспадары. Вось тут знаходзіцца гліняны посуд: збаны, глякі – неабходныя рэчы ў гаспадарцы, бо ў іх доўга захоўвалася малако, смятана, тварог, масла, сала топленае.
Над дзвярыма вісеў карамысел, з якім гаспадыня ішла па ваду.