Жернова

Жорны, прылада для памолу зерня; ручны млын.

Былі каменныя і драўляныя. Каменныя жорны ў Старажытнай Русі ўжываліся паўсюдна. 

Складаліся жорны з 2 каменных дыскаў дыяметрам 35-50 см, таўшчынёю 10-13 см, пастаўленых у скрынку ці станок. Каб мука лепш ссыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі трохі выпуклай, а верхняга – увагнутай, для лепшага размолу зерня рабочая паверхня мела насечкі. Пазней майстравалі больш масіўныя, удасканаленыя жорны з камянямі дыяметрам 55-70 см, выш. 15-20см. Ніжні нерухомы камень звычайна быў таўсцейшы, верхні (верхавік) – больш лёгкі; ён меў у сярэдзіне адтуліну для засыпкі зерня, мацаваўся, паднімаўся і апускаўся пры дапамозе паўпрыцы – жалезнай крыжавіны або пласцін, акая круцілася на шпяні, замацаваным у ніжнімкамені. Камень прыводзіўся ў рух пры дапамозе доўгага круглага кія (млёна), верхні канец якога ўстаўляўся ў бэльку ці ў адтуліну спецыяльнай планкі, прыбітай да сцяны, а ніжні – у жалезную скабу на краі верхняга каменя. Сустракаліся жорны з кароткай ручкай. Шпень прымацоўваўся на спецыяльнай падстаўцы, якую паднімалі і апускалі клінам, каб мяняць вышыню стаяння верхняга каменя і рэгуляваць мліва.

Яшчэ ў канцы 19 – пач. 20 ст. жорны былі неабходнай прыналежнасцю амаль кожнага сялянскага двара. Стаялі яны звычайна ў сенцах, радзей у хаце або варыўні. За дзень на каменных жорнах можна было змалоць 2-3 пуды зерня. Да 1920-х г. значную частку зерня беларускія сяляне малолі ў жорнах, бо плата за мліва складала дзесятую частку прывезенага ў млын зерня, што для беднякоў было не пад сілу. Ва ўжытку захаваліся да 1950-х г.